Беларусь паднялася на пяць пазіцый у рэйтынгу Doing Business
У рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business 2015, які характарызуе ўмовы для вядзення бізнесу ў краіне, Беларусь паднялася на пяць пазіцый і цяпер займае 57-е месца.
У рэйтынгу Doing Business 2014 Беларусь займала 63-е месца, а ў Doing Business 2013 — 64-е. Паводле незалежнага эканаміста Леаніда Злотнікава, рэйтынг не паказвае рэальнага стану вядзення бізнесу ў Беларусі – большасць дробных прадпрымальнікаў апошнім часам сыходзіць з бізнесу.
– Doing Business ахоплівае перадусім бюракратычныя працэдуры і не закранае такія істотныя моманты, як абарона бізнесу, карупцыя, цэнаўтварэнне, абмежаванні на імпарт ды экспарт. Гэта проста ступень бюракратызацыі, якая насамрэч у Беларусі зніжаецца. У нас сапраўды вельмі хутка можна зарэгістраваць прадпрыемства. Але гэта зусім не значыць, што пасля будзе лёгка працаваць.
Беларусь працягвае апярэджваць у рэйтынгу Расею, якая ў гэтым годзе заняла 62-е месца, падняўшыся з мінулага года на 30 пазіцый. Украіна займае 96-е месца, падняўшыся на 16 пазіцый у параўнанні з Doing Business 2014.
Doing Business 2015 узначальваюць Сінгапур, Новая Зеландыя і Ганконг.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота inpress.ua