На Ірляндыю абрынуўся ўраган „Афелія”, трое чалавек загінула



Тры чалавекі загінулі пасля таго, як на Ірляндыю абрынуўся ураган „Афелія”. Пра гэта паведаміла ВВС.

Мужчына і жанчына загінулі ў сваіх аўтамабілях ў выніку падзення паваленых ураганам дрэваў. Яшчэ адзін чалавек загінуў пры спробе распілаваць дрэва, якое ўпала на яго машыну.

У Ірляндыі зачынены школы, не працуюць установы. Без электрычнасці засталося каля 360 тысяч дамоў і прадпрыемстваў у Ірляндыі, 18 тысяч – у Паўночнай Ірляндыі, каля 4 тысяч – ва Уэльсе.

Сіноптыкі папярэдзілі мясцовых жыхароў пра патэнцыйную небяспеку для жыцця. Чакаецца, што хуткасць ветру ля паўднёвага ўзбярэжжа Ірляндыі можа дасягнуць 176 кіламетраў у гадзіну.

Улады звярнуліся да мясцовых жыхароў з просьбай не выязджаць з дому без асаблівай патрэбы.

Беларускае Радыё Рацыя