Аб’ём 4G-трафіка ў Беларусі вырас больш як у 5 разоў



У Беларусі значна вырас аб’ём спажыванага LTE-трафіка — за апошнія тры месяцы спецыялісты інфраструктурнага аператара beCloud зафіксавалі рост паказчыка больш як у пяць разоў адносіна такога ж перыяду мінулага года — з 1,5 петабайта трафіку да 8,5 петабайта ў 2017-м.

Як паведаміла прэс-служба beCloud, значна пашырылася геаграфія гарадоў, пакрытых сувяззю паводле тэхналогіі LTE, — больш як на траціну павялічылася колькасць населеных пунктаў, дзе прысутнічае 4G ад інфраструктурнага аператара. З мінулага тыдня паслугай можна карыстацца яшчэ ў 19 новых гарадах краіны, агульная колькасць LTE-пунктаў на карце Беларусі перавысіла 70 гарадоў.

Так, найбольшая колькасць базавых станцый LTE былі запушчаныя ў Віцебску і Віцебскай вобласці. Толькі ў абласным цэнтры іх з’явілася 6 і яшчэ 16 — у самым рэгіёне. У якасці LTE-гарадоў зараз пададзеныя Бешанковічы, Глыбокае, Докшыцы, Мёры, Расоны, Сянно, Талачын, Ушачы, Чашнікі, Шуміліна, LTE-прысутнасць пашырылася ў Наваполацку.

У Менскай вобласці новыя базавыя станцыі з’явіліся ў Вілейцы, Слуцку, Гатаве, Жодзіне, Забалацці, Нясвіжы, Светлым Шляху, Слабадзе, Хацежыне. Прыкметнае павелічэнне ў самой сталіцы і рэгіёне адбылося два тыдні таму — тады запрацавалі 4 дадатковыя станцыі LTE, 15 з якіх у сталіцы. Таксама LTE-сетку пашырылі ў Барысаве, Дзяржынску, Смалявічах, Бараўлянах, Стоўбцах, Калядзічах і аграгарадку Лясны.

„Запатрабаванасць паслугі высакахуткаснага мабільнага інтэрнэту расце, гэта пацвярджае і рост лічбы загружанага трафіку ў нашай сетцы. Мабільныя аператары штомесяц фіксуюць рост продажу LTE-смартфонаў і іх выкарыстанне ва ўласных сетках, паскараецца і рост абаненцкай базы. Развіццё LTE-сеткі кампаніяй beCloud, запуск новых базавых станцый, уключэнне новых гарадоў і населеных пунктаў у LTE-карту краіны забяспечвае ўстойлівы рост папулярнасці 4G”, — адзначыў генеральны дырэктар beCloud Сяргей Паблагуеў.

У Беларусі паслуга 4G, якая працуе на аснове сеткі LTE ад beCloud, даступная абанентам мабільных аператараў „МТС” і life:).

БелаПАН