«Мы разам» у Глыбокім



«Мы разам» акцыя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх родных адбудзецца ў Глыбокім 21 кастрычніка. На яе запрашаюцца госці з усёй вобласці, праводзіцца яна з мэтай прыцягнення ўвагі да патрэб людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх правоў.

Ладзіць акцыю дабрачынная арганізацыя «Карытас» пры парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім пры падтрымцы прадпрымальнікаў і мясцовай улады.

Паводле старшыні глыбоцкай дабрачыннай арганізацыі «Карытас» Генадзя Бервячонка, акцыя ўжо стала традыцыйнай і штогадовай.

Акцыя «Мы разам» адбываецца ўжо каля 5 гадоў. Сюды прыязджаюць людзі амаль з усёй Віцебскай вобласці. Асноўны сэнс і мэта гэтай акцыі — гэта не матэрыяльная падтрымка, а паказаць усяму грамадству, што сярод нас ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але яны поўнавартасныя грамадзяне, такія ж, як і кожны з нас.

Падчас акцыі плануецца шэсце ўдзельнікаў ад касцёла Святой Тройцы да Гарадскога дома культуры, гульні, конкурсы, пачастункі. А таксама круглы стол з удзелам бацькоў, апекуноў асоб з абмежаванымі магчымасцямі, святароў, супрацоўнікаў дабрачыннага таварыства “Карытас” і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Напрыканцы мерапрыемства адбудзецца канцэрт.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя