Імпарт спажывецкіх тавараў вырас на 17,6%



У студзені—жніўні імпарт спажывецкіх тавараў склаў 4,8 млрд долараў і павялічыўся на 17,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

Асноўны аб’ём спажывецкіх тавараў у гэты перыяд завезлі арганізацыі Менска і Менскай вобласці — на 3,9 млрд долараў. Такім чынам, больш за 80% спажывецкага імпарту забяспечыў сталічны рэгіён. Пры гэтым Менск у студзені—жніўні павялічыў імпарт спажывецкіх тавараў на 24,5%, а Менская вобласць — на 26,6%.

На думку экспертаў, рост спажывецкага імпарту абумоўлены павелічэннем аб’ёмаў крэдытавання насельніцтва. За студзень—жнівень камерцыйныя банкі павялічылі выдачу крэдытаў на спажывецкія патрэбы больш як на 40%.

„Ва ўмовах слабага фінансавага стану буйных карпаратыўных пазычальнікаў банкі ссоўваюць крэдытную актыўнасць у сегмент фізічных асоб. Пратэрміноўка ў гэтым сегменце значна ніжэйшая, чым у іншых. Доля праблемнай запазычанасці прыватных кампаній (паводле звестак Нацбанка) складае 9%, дзяржкампаній — 5%, а фізічных асоб — усяго 1%”, — заяўляюць аналітыкі расійскага „Ашчадбанка”, каментуючы сітуацыю ў Беларусі.

На іх думку, аднаўленне крэдытавання — станоўчая тэндэнцыя, якая сведчыць пра рост унутранага попыту. „Аднак гэтаму працэсу спадарожнічаюць і пэўныя рызыкі. Доля імпарту ў спажыванні беларусаў застаецца адносна высокай — прыкладна 55% у групе нехарчовых тавараў. Паскарэнне крэдытавання, у сваю чаргу, істотна ўзмацняе попыт на імпартную прадукцыю”, — мяркуюць аналітыкі „Ашчадбанка”.

У перспектыве рост імпарту можа прывесці да ўзмацнення націску на валютны рынак, лічаць яны.

У сваю чаргу беларускія эканамісты выказалі меркаванне, што ўлады пакуль не будуць адміністрацыйна ўмешвацца і абмяжоўваць аб’ёмы спажывецкага крэдытавання.

„Унутранае спажыванне дзяржава цяпер разганяе, каб дазволіць насельніцтву кампенсаваць зніжэнне ўзроўню дабрабыту ў 2015—2016 гадах. Гэта мэтанакіраваная палітычная задача дзяржавы ў 2017 годзе, і таму ў такіх умовах наўрад ці будуць прымацца меры па абмежаванні ўнутранага попыту і, у прыватнасці, спажывецкага крэдытавання”, — адзначыў у каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук. БелаПАН