«Саламонава рашэнне» менскага суда



У судзе Першамайскага раёна сталіцы адбылося слуханне адміністрацыйнай справы супраць лідара грамадскай арганізацыі “Беларускі зялёны фронт”, старасты дома нумар 37, што на вуліцы Славінскага, Віктара Талмачова. Ён разам з паплечнікамі вядзе змаганне за захаванне ў наваколлі зялёнай зоны, на месцы якой незаконна, паводле яго, хочуць пабудаваць аўтастаянку, за што быў жорстка збіты міліцэйскім “ціхаром” Іосіфам Бацечкам. Тым не менш, апошні падаў позву супраць Талмачова на 250 рублёў. Віктар Пятровіч кажа, што сітуацыя ператварылася з экалагічнай у палітычную.

Гэта паказчык ваяўнічага аўтафашызму. Яшчэ гадоў сем таму былі непрыязныя адносіны паміж звычайнымі жыхарамі, асабліва сталага веку, і ўладальнікамі аўтамабіляў, якія запаўняюць двары. Я кіраўнік “Беларускага зялёнага фронту”, які займаецца экабяспекай пражывання ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта і пытанні ўшчыльнення, і ўзаемаадносінаў з аўтамабілістамі. І ў розных выпадках гэтая праблема паўстае. У дадзеным выпадку гэта тыповы моўны абгавор, які бачны, як кажуць, няўзброеным вокам.

Суддзя Юрый Гарбатоўскі вынес “саламонава рашэнне”: паколькі нібы пашкоджанае “аўто” дагэтуль не належыць “ціхару” Бацечку, хай і заяву, маўляў, піша на Віктара Талмачова сённяшні ўладар у той жа Першамайскі РАУС. Тым часам, 24 кастрычніка ў тым жа судзе адбудзецца разгляд позвы за нанесеныя цялесныя пашкоджанні Віктару Талмачову Іосіфам Бацечкам.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск