Ці дазволяць у Гародні пікет супраць “дзедаўшчыны” ў войску?



Грамадскі актывіст, сябра Аб’яднагай грамадзянскай партыі Ігар Банцар падаў заяўку ў Гарадзенскі выканаўчы камітэт на правядзенне ў горадзе пікета супраць “дзедаўшчыны” ў беларускім войску. Акцыя плануецца 9 лістапада ў Каложскім парку Гародні.

Пра мэты будучай акцыі распавядае Ігар Банцар:

– Нашая мэта – звярнуць увагу грамадзянаў на нестатутныя адносіны ў войску і неабходнасць правядзення ваеннай рэформы – усё ж мы мусім перайсці на прафесійную армію. Таму што калі ў арміі прафесіяналы, адносіны паміж салдатамі абсалютна іншыя, і такіх праблем, як нестатутныя адносіны, у прафсійнай арміі проста быць не можа, таму што там працуюць прафесіяналы і яны за гэта атрымліваюць грошы, а не ўчорашнія падлеткі, якіх адарвалі ад бацькоў, якія не зусім разумеюць, куды яны трапілі.

Заяўнік чакае адказу ад гарадзенскіх уладаў, а правядзенне пікета плануецца ў межах кампаніі Аб’яднанай грамадзянскай партыі “Стоп “дзедаўшчына” ў войску”, што адбываецца на фоне падзей, звязаных з трагедыяй, пад час якіх маладыя людзі загінулі ў беларускім войску.

Беларускае Радыё Рацыя