У Магілёве прадстаўлены невядомыя фатаграфіі горада часоў акупацыі



Выстава „Невядомы Магілёў. Вяртанне” адкрылася ў абласным цэнтры 18 кастрычніка. На ёй прадстаўленыя каля 100 невядомых раней фотаздымкаў горада часоў нямецкай акупацыі.

Упершыню экспазіцыя „Невядомы Магілёў” была прадстаўленая ў Выстаўным зале горада ў студзені. Тады наведвальнікі ўбачылі каля 500 фотаздымкаў горада, знятых салдатамі гітлераўскай арміі.

„Каля 30% папярэдняй выставы абноўлена. Гэта каля 100 фотаздымкаў, якія суседнічаюць з тымі, што былі прадстаўленыя раней. Колькасць фатаграфій таксама павялічылася, цяпер больш за 500”, — распавёў БелаПАН дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Найбольш значным, на яго думку, абнаўленнем выставы сталі фатаграфіі публічнага пакарання смерцю партызан і падпольшчыкаў 25 сакавіка 1942 года. На здымках можна ўбачыць твары мужных людзей у апошнія моманты іх жыцця, аддадзенага ў барацьбе з акупантамі. „Адразу пасля акупацыі Магілёва ў горадзе пачынаюць дзейнічаць антыгітлераўскія падпольныя групы: настаўнікаў, на хлебазаводзе, некалькі груп на чыгунцы, аўтарамзаводзе, шаўковай фабрыцы і іншыя. Гітлераўцы разгарнулі жорсткі тэрор. У Магілёве вядомыя больш за 10 месцаў масавага знішчэння гараджан і ваеннапалонных. У Лупалаўскім лагеры ваеннапалонных (шталаг-813) загінулі каля 40 тыс. чалавек. Яўрэйскае насельніцтва павінна было пражываць на тэрыторыі гета і падлягала поўнаму знішчэнню. Паводле перапісу неяўрэйскага насельніцтва, у Магілёве на 1 кастрычніка 1941 года пражывалі 47.048 чалавек, з іх 28.758 жанчын і 18.290 мужчын”, — паведамляюць арганізатары экспазіцыі.

Як і папярэдняя выстава, цяперашняя адкрылася дзякуючы намаганням былога магілёўца Алега Лісоўскага, які пражывае ў Германіі і працягвае збіраць старыя фатаграфіі роднага горада.

Акрамя абноўленай экспазіцыі ў выставы з’явіўся інтэрактыўны складнік. Наведвальнікі могуць паўдзельнічаць у віртуальнай віктарыне і здзейсніць анлайн-экскурсію на адмысловым сайце mogilevhistory.llll.by. „Пасля таго як вы ўбачылі экспазіцыю, мы прапануем працягнуць падарожжа ў мінулае на яве — ва ўмовах сучаснага горада”, — запрашаюць наведаць сайт арганізатары выставы, якая будзе доўжыцца да 3 снежня.