Гародня: возера на Рэпіна не будуць даводзіць да ладу



На ўпарадкаванне возера на гарадзенскай вуліцы Рэпіна, няма ні грошай, ні спецыяльнай тэхнікі – такі адказ атрымаў гарадзенскі актывіст Ігар Банцар ад арганізацыі „Рэмбудаўтадор”, якой належыць гэта возера па рашэнні гарадзенскіх уладаў.

Ігар Банцар збіраецца далей змагацца за гэта возера, якое патрэбна гарадзенцам:

– Паўстае пытанне, як выканкам прымае рашэнні і прызначае арганізацыі, адказныя за нейкія працы, калі гэтыя арганізацыі фізічна не могуць выканаць гэта праз адсутнасць сродкаў. Таму зараз мы накіруем зварот у Гарадзенскую гарадскую жыллёва-камунальную гаспадарку, каб яна вызначыла, хто размяркоўвае сродкі, хто будзе чысціць і займацца гэтым возерам. Адказ „Рэмбудаўтадор” паказвае, што ў нас прызначаныя дэпутаты не здольныя правільна размяркоўваць гарадскі бюджэт.

Упарадкванне возера на гарадзенскай вуліцы Рэпіна,  якое яшчэ ў савецкі час было месцам адпачынку, было адзначана як адна з галоўных праблем падчас кампаніі апытання мясцовых жыхароў, якую зрабілі актывісты гарадзенскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня