Касцёл Святой Ганны ў Луне



Нібы гняздо птушкі лунь, над Нёманам, там, дзе ўліваецца ў яго імклівая рачулка Лунянка, размясцілася мястэчка Луна. Мястэчка Наднёманскіх легендаў. Кажуць, ад літоўскай назвы балота “Lіunas”, а магчыма, ад назвы птушкі Лунь і атрымала паселішча назву Луна. Вандроўку па Луне і яго ваколіцах варта пачаць з касцёла Святой Ганны. З яго пачыналася гісторыя мястэчка і ўзяты ён пад “пільную ахову” дзяржавы, як гістарычны помнік архітэктуры. Пра двухкоссе хіба тлумачыць ня трэба.

На ахвяраванні каралевы Боны Сфорцы ў 1531г. у Луне быў пабудаваны драўляны касцёл, а  магчыма ён існаваў і раней. Наведваючы свае ўладанні каралева “часта ў гэты касцёлік заходзіла”. Гэта яна прывезла з Італіі відэльцы дагэтуль нязнаныя нашым продкам. Да цяперашняга часу каля касцельнай агароджы ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта каралеўскімі ручкамі Бона заклала ў фундамент таго касцёлу. І цяпер маладыя пары, якія збіраюцца пажаніцца без дазволу бацькоў, прыходзяць да гэтага каменя папрасіць, каб Бона не помсціла маладой так, як гэта зрабіла сваёй нявестцы, каралеве Барбары Радзівіл.

Гэты касцёл быў філіялам пад кіраўніцтвам кс. Андрэя Чарнякоўскага, плябана з Воўпы. Таму праз некаторы час, у 1546 годзе, Бона Сфорца ахвяравала новы касцёл, надаўшы яму тры валокі зямлі (адна валока прыкладна 21 га)  і стварыўшы асобую парафію. Біскуп, які наведаў Луну пасля знішчэнняў зробленых маскоўскім войскам ў вайне 1654-1667 гг., пакінуў такую звестку: “Касцёл у Луне цудоўны, мураваны, адрамантаваны. Ксёндз Барталамей Невескі. Мірапамазана 96 асоб”.

У 1782 г.  пасля пажару апошні кароль Польшчы і Вялікі Князь Вялікага Княўства Літоўскага Аўгуст Панятоўскі фундаваў тут новы касцёл Св. Ганны, мураваны ў строгіх формах класіцызму, які быў перабудаваны і набыў сучасны неакласічны выгляд у 1895 г. на сродкі княгіні Марыі Друцкай-Любецкай. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожваюць 7 драўляных алтароў. Асабліва адметны алтар Святога Антона Падоўскага  і ў іншым алтары – абраз Маткі Божай з Дзіцяткам  у пазалочанай сукенцы. Людская памяць пераказвае легенду, нібы перад гэтым абразам бралі шлюб Ян і Цэцылія – першыя з Багатырэвічаў…

Згадкі пра яго ёсць і ў “Над Нёмнам” Элізы Ажэшкі, калі жанчыны высмейвалі занадта багаты строй сукенкі Ядвіські Дамунтаўны: “Езус! Ну і прыгожыя ружы на гэтым вееры! І гэтае залатое лісцё дакладна такое, як у Луне у Маці Божай на алтары…”

Абраз гэты, праўдападобна, ёсць старэйшы за сам касцёл, фундаваны каралевай Бонай, і паходзіць з ранейшага касцёла, пра які нічога невядома. А на алтар з гэтым абразам фундавала сродкі Эліза Ажэшка. Ёсць тут па левым баку і ложа Пані Элізы, так названая таму, што там займала яна месца ў час касцельнай службы, калі наведвала Луну.

“…З пад Нёмна блакітнага, з ціхага двара, з цені белых акацый”, заслуханая ў “ хоры  птушыныя і касцёлік вясковы, прыгожы як цацка з эпохі рэнесансу, а што вечар найпрыгажэй граюць на Анёла Паньскага,”- піша  Эліза Ажэшка з Луны, дзе праводзіла лета ў 1902 годзе.

“Ёсць блізка касцёлік невялікі, ладна збудаваны і густоўна ўбраны, які кожную раніцу, поўдзень і вечар найцудоўней звоніць на Анёла Гасподняга. Не магу перадаць, якое дзіўнае ўражанне спраўляе на мяне адгалос гэтага звону. Штосьці як бы заклікае да вышыні, як бы рассыпаюцца ў паветры гукі музычныя. Упершыню прыйшла мне таксама думка, які прыгожы і глыбокі ёсць звычай касцёльны, напамінаць  тым, хто жыве, пра тых, што адышлі.” – так напісала Эліза Ажэшка пра свае ўражанні ад Луненскага касцёла Сьвятой  Ганны.

Невядома ці тыя самыя званы граюць для вяскоўцаў сёння, бо ў 1935 годзе, калі ксяндзом стаў Мечыслаў Радзішэўскі, на званіцы ні то змянілі, ні то адрамантавалі тры званы. Кожны з іх мае сваё найменне:

“Мацей” – размешчаны з боку былога рынку.

“Ганна” – з боку местачковай плошчы (дзе цяпер царква).

“Марыя” – з боку вуліцы Ваўпянскай (кірунак да Залескаў).

У касцёле шмат надмагільных табліцаў. Сярод іх: “Памяці княжны Марыі з Шаметаў Друцка-Любецкай. нар. 2 ліпеня 1833 г., памерла 6 снежня 1897г. ад парафіі Луненскай з удзячнасцю за аднаўленне гэтага касцёла і іншыя дабрадзействы”;

“Эдвард Матэуш Ромер. нар. 1848 г. у Волагдзе, пам. у траўні 1900 г. у Луне. Пахаваны ў Троках”. Гэта вядомы мастак адзін з апошніх уладальнікаў Луны.

Ля касцёла захавалася некалькі помнікаў, сярод якіх адзін з напісам: “Тут спачываюць Іосіф маршалак Гродзенскага павету і Разалія з Мрачкоўскіх Каменьскія. Памерлі: муж у траўні 1842 г., жонка ў сакавіку 1843 г. Удзячныя дзеці гэты помнік паставілі”. Гэта бацькі Яна Каменьскага-паўстанца.

Да касьцёла належалі капліцы ў Яблынове і Чарлёне. У Луненскім касцёле Святой Ганны з 1838 па 1841 год працаваў ксёндз Павал Хрынашкевіч – сябра Адама Міцкевіча. Цяпер вялікую культурна-асветніцкую дзейнасць у Луненскай парафіі праводзіць пробашч ксёнз Люцыян Радомскі.

Святая Ганна – Маці Прасвятой Дзевы Марыі, бабуля Ісуса Хрыста. Святая Ганна –заступніца сем’яў, матак і ўдоваў. Была замужам за праведным Яўхімам з роду прарока і цара Давіда. Дабрадзейным жыццём да сталага ўзросту яны падрыхтавалі сябе да высокага звання – быць бацькамі Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Ад бязгрэшнага зачацця нарадзілася дзяўчынка, якой надалі імя Марыя, што азначае Каралева Неба і Зямлі. Ганна дачакалася радасці няньчыць свайго ўнука – Ісуса Збавіцеля Свету.

Паданне гаворыць, што цела яе ў 710 годзе было перавезена да Канстанцінопаля.

Культ Святой Ганны ўшанаваны вернікамі, а яе свята прыпадае на 26 ліпеня.

[Not a valid template]

Лявон Карповіч, Беларускае Радыё Рацыя, Луна, фота Уладзіміра Хільмановіча