КХП-БНФ падала заяўку на правядзенне „Дзядоў”



Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ падала ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 5 лістапада шэсця і мітынгу з нагоды дня памяці продкаў Дзяды. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні арганізацыі Сяргей Папкоў.

Партыя мае намер правесці акцыю ў традыцыйным фармаце: збор каля гадзіннікавага завода „Прамень”, шэсце да ўрочышча Курапаты, дзе адбудзецца мітынг.

Дзяды штогод адзначаюцца ў Беларусі 2 лістапада. Прадстаўнікі апазіцыі да дня памяці продкаў арганізуюць традыцыйнае шэсце і мітынг ва ўрочышча Курапаты, дзе спачываюць ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

20 лістапада КХП-БНФ мае намер падаць заяўку на яшчэ адну акцыю: шэсце да Лошыцкага яра ў Менску — аднаго з месцаў масавых расстрэлаў у сталінскія часы.

Партыя традыцыйна праводзіць гэтае шэсце праз тыдзень пасля акцыі ў Курапатах. Яно таксама прымеркаванае да дня памінання памерлых.