Ва Украіне загаварылі пра „Трэці Майдан”



У Кіеве каля Вярхоўнай Рады трэці дзень працягваюцца маштабныя акцыі пратэсту. Акцыя арганізаваная рознымі палітычнымі сіламі, сярод якіх – “Рух новых сіл” Міхаіла Саакашвілі, партыя “Свабода”, грамадскія арганізацыі “Аўтамайдан”, “Антыкарупцыйны штаб” і іншыя. Пратэстоўцы патрабуюць адмены дэпутацкай недатыкальнасці і змены выбарчага заканадаўства. Але ж на першым месцы сярод пытанняў да ўлады – адсутнасць рэальнай барацьбы з карупцыяй і неэфектыўнасць эканамічных рэформаў.

Некаторыя назіральнікі ўжо гавораць пра “Трэці Майдан”. Сваімі меркаваннямі на гэты конт дзеліцца Мікалай Блізнюк, які прыехаў на акцыю пратэста з Ровенскай вобласці:

– Усё ідзе да “Трэцяга Майдану”. Мы ўжо пабачылі, што сабой уяўляе гэты ўрад. Усе карупцыйныя схемы засталіся. Усе павязаны.

Тым часам Вярхоўная Рада адправіла на разгляд Канстытуцыйнага суда законапраекты пра абмежаванне дэпутацкай недатыкальнасці. Пратэстоўцы разглядаюць гэта як сваю частковую перамогу.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота bbc.com