Сяргей Калякін: Пратэстную хвалю ўжо збілі
Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін распавёў, чаму непадрыхтаваныя пратэстныя акцыі “дыскрэдытуюць саму такую форму грамадзянскага пратэсту”.
На 21 кастрычніка ў Менску прызначана чарговая пратэстная акцыя пад назвай “Марш абураных беларусаў 2.0”, хаця некаторыя аналітыкі прагназуюць нешматлікасць мерапрыемства.
Сяргей Калякін: Чым заўсёды вызначаюцца вулічныя акцыі? Тым, што людзі выходзяць, каб нешта падтрымаць альбо супраць нечага выказаць пратэст. Адкуль з’явілася слова “дэманстрацыя”? Народ на вуліцы дэманструе сваё стаўленне да чагосьці. І калі для гэтага няма неабходных умоў, усё ператвараецца ў фарс, які, наадварот, адбівае ў людзей жаданне наведваць такія мерапрыемствы ў будучым. Яны не разумеюць, у чым сэнс дэманстрацый, якія нічога не даюць. Такія стравы не трэба гатаваць і падаваць кожны дзень. Павінны быць умовы, калі акцыі можна і патрэбна праводзіць, бо яны могуць быць сродкам вырашэння пэўных праблем. А ў адваротным выпадку яны дыскрэдытуюць саму такую форму грамадзянскага пратэсту і сродкі дасягнення нейкіх мэт. На мой погляд, сёння няма аб’ектыўных умоў для таго, каб людзі падтрымалі пратэсты.
РР: Вы лічыце, што зараз сітуацыя не такая, як вясной, калі на вуліцу ў розных гарадах краіны выйшлі тысячы?
Сяргей Калякін: Абсалютна не такая. Вясной людзі выходзілі пратэставаць з-за дэкрэта аб “дармаедах”, які закранаў практычна ўсіх. Гэта знайшло водгук нават у тых, хто застаўся сядзець дома. І ўлады добра адчулі гэтыя настроі і тую небяспеку, якая можа быць, калі дзеянне дэкрэта не прыпыніць. Яны збілі пратэстную хвалю, і зараз рыхтуецца абсалютна новы дакумент, які будзе моцна адрознівацца ад папярэдніка. Гэта вельмі вялікае мастацтва – адчуць пратэстны градус і ведаць, якія лозунгі патрэбны сёння людзям. А калі вы выходзіце на акцыю сваім вузкім колам паплечнікаў, а не супольнасцю абураных беларусаў, то сэнсу ў такіх мерапрыемствах я не бачу. Хаця, з іншага боку, права кожнага чалавека – выказаць сваю пазіцыю. Калі камусьці падабаецца такі фармат пратэсту, то няхай яго і прытрымліваецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя