Ганна Канапацкая ўсё ж будзе на пасяджэнні форуму ў Таліне



Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў адмовіла дэпутату Ганне Канапацкай, якая з’яўляецца актывісткай апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі, афіцыйна прыняць удзел у форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства 26 кастрычніка ў Таліне.

„Я не атрымала дазволу ўдзельнічаць у асамблеі форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства з матывіроўкай, што гэта непарламенцкая дзейнасць, — паведаміла БелаПАН Канапацкая. — Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў, мабыць, баіцца маіх міжнародных сустрэч. Бо на іх будзе гучаць пункт гледжання, адрозны ад афіцыйнага”.

Дэпутат адзначыла, што падавала кіраўніцтву парламента „дакладную запіску на два лісты”, у якой абгрунтавала неабходнасць сваёй прысутнасці на форуме. „Атрымала адказ, што гэта непарламенцкая дзейнасць. Хоць я ўвесь час кажу пра тое, што грамадзянская супольнасць павінна ўдзельнічаць у выпрацоўцы рашэнняў, якія ўплываюць на развіццё краіны”, — сказала Канапацкая.

Пры гэтым дэпутат паведаміла, што яна ўсё ж зможа прыняць удзел у пасяджэнні форуму ў Таліне.

У Таліне 26 кастрычніка адбудзецца канферэнцыя форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і яго штогадовая асамблея. Як паведамляў БелаПАН, у мерапрыемстве прыме ўдзел намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка „ў якасці запрошанага госця”.

Саміт Усходняга партнёрства адбудзецца 24 лістапада ў Бруселі.

БелаПАН