На адкрыцці помніка Касцюшкі прагучаць гімны толькі Швэйцарыі і Беларусі



Сёння, 21 кастрычніка, у швейцарскім горадзе Залатурне будзе ўрачыста адкрыты помнік Тадэвушу Касцюшку, нацыянальнаму герою Беларусі і не толькі. За некалькі гадзінаў да адкрыцця помніка карэспандэнт Радыё Рацыя пагутарыў са старшынёй Аб’яднання беларусаў у Швейцарыі Алесем Сапегам.

РР: Спадар Алесь, па-першае, галоўная інтрыга гэтых дзён – што будзе ў выніку на шыльдзе помніка?

– На сённяшні момант ужо зроблена шыльда, яна ўжо ўсталяваная. Спачатку яна будзе па-нямецку, а ніжэй па-беларуску. Тадэвуш Касцюшка. Год нараджэння і смерці. Ад Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі. Гэты кампраміс быў дасягнуты паміж беларускім МЗС і мэрыяй горада.

РР: І інтрыга нумар два. Ці будзе ўсё ж такі прадстаўлены польскі бок сярод гасцей гэтай цырымоніі?

– Пазаўчора з намі звязаўся дыпламат з польскай амбасады ў Берне і ветліва спытаў: ці яшчэ не позна, калі яны прыйдуць на мерапрыемства і далучацца да нас?

РР: А перад тым яны два тыдні маўчалі?

– Так. Трэба сказаць, што мы запрасілі іх яшчэ раз, ужо ў другі раз. Запрасілі афіцыйна. І праз два дні яны звязаліся з намі па тэлефоне, гэта быў не амбасадар Рэспублікі Польшча ў Берне, а віце-консул. Ён распавёў хто ён такі і спытаў: ці магчыма, каб яны прыйшлі, ці могуць яны выступіць перад мікрафонам і ці можа быць выкананы нацыянальны гімн Польшчы на мерапрыемстве?

РР: Так, сапраўды, ці паспее цяпер аркестр вывучыць польскі гімн, ці ён яго ведае?

– На жаль, не. Я звязваўся з аркестрам, і дырыжор сказаў, што на жаль, за такі маленькі тэрмін, знянацку, яны не паспеюць развучыць гэты гімн. Бо гэта не дуэт і не вулічныя музыкі, ім трэба, каб гучала добра і якасна. І яны сказалі, што польскага гімну быць ужо не можа.

РР: А зайграюць яны адпаведны гімны Беларусі, Літвы і Швейцарыі?

– Так планавалася. Але, улічваючы гэтыя польскія акалічнасці, мы прынялі рашэнне, што гімны будуць граць толькі швейцарскі і беларускі. Каб не абразіць палякаў, мы вырашылі, што літоўскага гімну не будзе.

РР: Як вы ўвогуле ставіцеся да заявы амбасадара Польшчы ў Берне, які літаральна ўчора раптам сказаў, што ён вельмі вітае, што Беларусь абірае Касьцюшку сваім героем, што Польшча падтрымлівае нацыянальнае адраджэнне Беларусі. То бок як вы ацэньваеце, гэта ўсё ж такі вашая перамога, што вы яго пераканалі, адкуль раптам такі пазітыў?

– Мушу сказаць, што гэты артыкул, які выклала Свабода, трэба чытаць паміж радкоў. Я не хацеў бы сёння каментаваць гэты артыкул.

РР: Бо там шмат падводных дыпламатычны цячэнняў?

– Я бы сказаў, што сітуацыя выглядае на тую ж самую, якая была з заяваю міністра замежных спраў Польшчы. І калі трэба, я магу даць каментары, але сёння святочны дзень, прыходзяць таксама палякі, я не хацеў бы яго сапсаваць.

Цалкам размова ў гукавым фармаце:

Гутарыў Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя