Амбасадар Польшчы падараваў скульптуру Яна Паўла ІІ вернікам Крулеўшчыны



Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік падараваў скульптуру Яна Паўла ІІ каталіцкім вернікам пасёлка Крулеўшчына, што ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці. Падчас святочнага набажэнства ў гонар пантыфіка, якое адбылося ў мясцовым касцёле Сэрца Езуса, яе асвяціў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. Таксама біскуп зачытаў пасланне былога сакратара пантыфіка, кардынала Станіслава Дзівіша крулеўшчынскім парафіянам. Разам з пасланнем у касцёл была перададзеная і рэліквія крыві святога Яна Паўла ІІ.

Паводле ксяндза парафіі Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне Юрыя Бараўнёва, ён мае намер развіваць культ святога Яна Паўла ІІ у парафіі. 

– Найважнейшая ўрачыстасць, якая адбылася менавіта 22 кастрычніка, калі Папа Ян Павел ІІ успамінаецца ў Каталіцкім касцёле як святы. Менавіта ў гэты дзень мы асвяцілі яго фігуру, памаліліся аб яго заступніцтве і каб ён таксама дапамагаў нам з неба ісці гэтым шляхам збаўлення, які вядзе да Божага валадарства.

Для скульптуры святога Яна Паўла ІІ ужо заліты пастамент каля касцёла. Але мясцовым католікам прыйдзецца яшчэ чакаць дазволу ўладаў на яе ўстаноўку.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі