Міліцыянт у пратаколе: Лукашэнка, ты ўрод!



„Марш абураных беларусаў” не абыйшоўся без затрыманняў. Вольга Нікалайчык і Арцём Чарняк былі завезены ў аддзяленне міліцыі, дзе на іх быў складзены пратакол, як на актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага шэсця.

Пра акалічнасці затрымання апазіцыйных актывістаў з Вольгай Нікалайчык гутарыць Павел Генадзіч:

РР: Падчас акцыі вы адчувалі, што вам пагражае небяспека, што за вамі сочаць?

Вольга Нікалайчык: Пачну з таго, што напярэдадні арыштавалі ўсіх маіх паплечнікаў – гэта Рыгор Грык з Баранавіч, Шарэнда з Берасця, Рубцоў з Гомеля, Максім Вінярскі, Афнагель, усіх іх арыштавалі. Да мяне прыходзілі а 6-й раніцы за тыдзень да пачатку акцыі, білі ў вокны, дзверы. Я жыву ў прыватным сектары, я думала вынесуць шыбы. Я не адчыніла, яны сышлі. У дзень самой акцыі я рана выйшла з хаты, у мяне была вялікая расцяжка, якую я вырашыла вынесці на акцыю. Я была вымушана рана выйсці з хаты, бо ведала, што за мной прыйдуць. У мяне таксама былі партрэты зняволеных, таму я проста не мела права не дайсці. Калі я хвілін за 20 прыйшла на Кастрычніцкую плошчу, то там яшчэ нікога не было, пасля з’явіўся Статкевіч. Я цешылася, што данесла „рэквізіт”, усё атрымалася як мае быць.

РР: У які момант пачаліся затрыманні?

Вольга Нікалайчык: Пасля мітынгу каля касцёла, калі Статкевіч яго скончыў, трэба было скласці расцяжку. Я яе склала і паклала ў торбу. У нейкі момант я пабачыла, як адзін чалавек у цывільным паказаў другому вачыма на мяне і кіўнуў. Актывіст Арцём Чарняк з „Еўрапейскай Беларусі” нёс вялікую калонку, а я расцяжку. Падышлі да касцёла, але ён быў зачынены. Мы хацелі прайсці праз касцёл і выйсці праз другое выйсце. Пасля мы пайшлі да гатэля „Менск”. Каля гатэля ў машыну паклалі Арцёма, а мяне ўжо запрасілі культурна. Падышоў АМАПавец у форме, я запытала ў яго дакументы, ён без пытанняў паказаў і сказаў: „Пройдземце калі ласка ў мікрааўтобус”. Я кажу: „Ну добра”, бо ззаду стаялі тры асобы ў цывільным, спераду двое ў форме, было бессэнсоўна адмаўляцца. Я села ў аўто, прывезлі у Цэнтральны РАУС. Патрымалі мяне некалькі гадзін, расцяжку забралі. Прычым смешна было, напісалі ў пратаколе: „Лукашэнка, ты ўрод!”, то бок сам міліцыянт піша на свайго прэзідэнта „Лукашэнка, ты ўрод!”. Другі да яго падыходзіць, чытае: „Прыдурак, што ты напісаў? Які Лукашэнка? Ідзі расцяжку пачытай. Там напісана „Лукашэску, ты ўрод!””. Яны так спрачаліся, перапісвалі гэты пратакол. У пратаколе цяпер напісана як трэба: „Лукашэску, ты ўрод! Хопіць рабаваць наш народ!”. Яны забралі расцяжку і партрэты.

РР: Як да вас ставіліся міліцыянты ў пастарунку?

Вольга Нікалайчык: У гэты і ў мінулы раз на дзіва яны былі адэкватныя. У мінулы раз мяне перад 8 верасня на суткі закінулі ў Першамайскі РАУС. Яны былі адэкватныя, у гэты раз яны паводзілі сябе больш-менш адэкватна, хаця бачна, што ім хацелася пахаміць, ім хацелася як заўжды, а давялося паводзіць сябе са мной адэкватна. Нарэшцэ да іх дайшло, што я магу і ў прэсу напісаць, магу напісаць і ў міжнародныя СМІ, гэта іх канешне непакоіць.

РР: Вас з Арцёмам Чарняком разам адпусцілі? І праз колькі часу?

Вольга Нікалайчык: Праз некалькі гадзінаў яны мяне запрасілі прагуляцца па калідоры, гулялі мы гулялі, нарэшце дайшлі да выйсця. Я падумала, што павязуць на Акрэсціна, а ён адчыніў дзверы і кажа: „Выходзьце, выйсце там”. Стаіць Лёня Кулакоў, Арцём, які толькі што выйшаў, і я. Ужо пад’ехала актывіста Святлана Каваленка, сфатаграфавала нас, і мы пайшлі.

Падрыхтоўка першага восеньскага „Маршу абураных беларусаў” адбывалася ва ўмовах ціску з боку беларускіх уладаў і прэвентыўных затрыманняў апазіцыйных актывістаў. Не гледзячы на гэта акцыя ўсё ж адбылася.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск