Пры выездзе з Беларусі ў «Брузгах» памёр паляк
Трагедыя адбылася ў раёне абеду яшчэ на пад’ездзе да КПП „Брузгі” насупраць лагістычнага цэнтра, удакладнілі ў прэс-службе Гарадзенскай памежнай групы. Таму нетыповай сітуацыяй займаліся міліцыя і медыкі. У гэты час па дадзеных сайта Дзяржпагранкамітэта, у чарзе на выезд з краіны стаяла каля 80 аўтамабіляў.
Як стала вядома, мужчына на выгляд 40-45 гадоў накіроўваўся дадому з Беларусі. Падчас чарговага зруху яго аўтамабіль Volkswagen T4 застаўся стаяць на месцы. Тады беларусы, якія ў асноўным і складаюць чаргу, сталі аб’язджаць машыну на польскіх нумарах. Сітуацыя, якая адбылася з кіроўцам, стала ясная, калі да машыны падышоў іншы грамадзянін Польшчы. Ён убачыў «спячага» кіроўцу, у якога не адчуваўся пульс.
На месца трагедыі выклікалі хуткую дапамогу і міліцыю. Па папярэдніх дадзеных, смерць магла наступіць з-за тромба.
Як распавяла Анжаліка, цела паляка доўгі час так і знаходзілася ў машыне нават непрыкрытым:
«Абурае мяне тое, што нават не прыкрылі, і аб’язджаючы, людзі на ўсё гэта глядзяць. Шчыра кажучы, не вельмі добрая атмасфера і неяк па-чалавечы крыўдна за такое стаўленне да памерлага. Сорамна за такое стаўленне, тым больш, іншыя палякі праязджалі міма і фатаграфавалі, абураючыся такім стаўленнем ».
Фота gpk.gov.by