Не сварыцца з Расеяй і шукаць новых сяброў



Афіцыйны Менск імкнецца захаваць высокі ўзровень даверу з Масквой у пытаннях бяспекі і адначасова развіваць адносіны з іншымі краінамі. Зніжэнне канфліктнасці ў адносінах з Расеяй і плённае супрацоўніцтва з іншымі знешнімі партнёрамі ў пытаннях бяспекі умацоўвае ўстойлівасць Беларусі ва ўмовах рэгіянальнага крызісу.

15-16 кастрычніка ў Абу-Дабі адбылося восьмае пасяджэнне Сумеснага беларуска-эмірацкага камітэта па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. У ходзе пасяджэння камітэта падведзены вынікі выканання папярэдніх рашэнняў, а таксама абмеркаваны перспектыўныя праекты супрацоўніцтва. Бакі адзначылі высокі ўзровень дасягнутага ўзаемадзеяння і пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ААЭ. Раней у гэтым годзе ў Менску падчас ваеннага парада 3 ліпеня быў прадэманстраваны беспілотны лятальны апарат (БПЛА) самалётнага тыпу «BELAR YS-EX», які з’яўляецца мадыфікацыяй БПЛА «Yabhon Flash 20» вытворчасці эмірацкага кампаніі «ADCOM Systems». Фармальна, прадстаўлены ў Менску беспілотнік выраблены беларускай кампаніяй «Авіятэхсістэмс». Але з верагоднасцю блізкай да 100% «BELAR YS-EX» зроблены не ў Беларусі, хоць, магчыма і адаптаваны пад беларускія патрабаванні. Сцвярджаць гэта дазваляе той факт, што «Авіятэхсістэмс» стала на падатковы ўлік ў лістападзе 2016 года. І толькі ўзімку 2017 года прыступіла да набору персаналу для арганізацыі ўласнай вытворчасці цяжкіх БПЛА. Таксама цікава адзначыць, што «Авіятэхсістэмс» мае офіс у будынку, які наколькі вядома належыць інвестару з ААЭ. А да таго належала адной з дзяржаўных ваенна-прамысловых кампаній.

Нагадаю, што ў лістападзе 2015 года стала вядома, што «ADCOM Systems» набыла беларускую кампанію «КБ ІНДЭЛА» — буйнога распрацоўніка і вытворцы беспілотнікаў верталётнага тыпу.

«ADCOM» актыўна працуе па частцы рамонту і мадэрнізацыі самалётаў, займаецца вытворчасцю боепрыпасаў рознага калібру, мае пэўныя напрацоўкі (пры садзейнічанні Украіны) у частцы стварэння лінейкі колавых БТР. І з’яўляецца прыкметным на Блізкім Усходзе зброевым трэйдарам.

17 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прыняў дырэктара Службы знешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна, які вядомы як паслядоўны прыхільнік саюзніцкіх адносінаў Масквы і Менска. Пры гэтым беларускі кіраўнік адзначыў наяўнасць праблемных пытанняў паміж спецслужбамі Беларусі і Расеі, якія варта абмеркаваць. Як вядома, існуе складаная ўзаемасувязь і ўзаемны ўплыў адносінаў паміж спецслужбамі і міждзяржаўных палітычных стасункаў. А за апошнія паўтара года беларуска-расейскія стасункі дэманструюць негатыўную дынаміку, чаму ў Менску шчыра не рады.

Беларускае кіраўніцтва будзе імкнуцца стабілізаваць палітычныя адносіны з Расеяй, выкарыстоўваючы тэматыку супрацоўніцтва ў галіне бяспекі як пляцоўку для камунікацыі, а расейскіх сілавікоў разглядае ў якасці патэнцыйных лабістаў. Аднак, падобная тактыка зусім не гарантуе поспеху. Адначасова афіцыйны Менск прадоўжыць пошук новых партнёраў у сферы бяспекі і будзе пашыраць і канкрэтызаваць ўзаемадзеянне з ужо існуючымі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ