Больш за 600 віз для навучання ў Вялікабрытаніі атрымалі беларусы летась
У 2016 годзе беларусам было выдадзена больш за 600 віз для навучання ў Вялікабрытаніі, паведаміла кіраўнік брытанскага пасольства ў Беларусі Фіёна Гіб у інтэрв’ю БелаПАН.
Яна ўдакладніла, што доўгатэрміновых віз было выдадзена больш за 100, кароткатэрміновых — больш за 500. Звестак за гэты год пакуль няма.
Паводле слоў дыпламата, штогод пасольства атрымлівае вялікую колькасць заявак на ўдзел у стыпендыяльнай праграме Chevening, якая фінансуецца МЗС Вялікабрытаніі і арганізацыямі-партнёрамі. Яна выдаецца ў асноўным на адзін год для атрымання магістарскай ступені ў брытанскіх ВНУ.
„Штогод атрымліваем больш за 100 заявак, адбіраюцца пяць-восем чалавек. Зараз у Вялікабрытаніі навучаюцца восем студэнтаў па гэтай праграме”, — паведаміла Гіб.
Кажучы пра супрацу ў сферы адукацыі, яна адзначыла, што ў наступным годзе Кентскі ўніверсітэт у партнёрстве з Кембрыджскім універсітэтам распачне новае чатырохгадовае навукова-даследчае партнёрства з БДУ. „Гэта адзін з прыкладаў супрацы. У пасольства няма дастаткова сродкаў, каб стварыць нейкі свой праект. Мы можам падтрымліваць сувязі паміж універсітэтамі, але працаваць над праектамі і развіваць супрацу — гэта адказнасць саміх навучальных устаноў”, — падкрэсліла Гіб.
Дыпламат дадала, што ёй было б цікава падтрымаць развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі ў навуковым сектары. „Напрыклад, паміж вашай Акадэміяй навук і тымі арганізацыямі ў Вялікабрытаніі, якія займаюцца падобнымі тэмамі”, — сказала кіраўнік пасольства.