„Мотавела” банкрутуе
Эканамічны суд Менска адкрыў конкурсную вытворчасць па справе аб банкруцтве ААТ „Мотавела”, гаворыцца ў пастанове суда па справе.
Нагадаем, у дачыненні да „Мотавела” летам гэтага года была распачатая справа аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве), уведзены ахоўны перыяд, а таксама прызначаны часовы кіраўнік.
У апублікаванай пастанове Эканамічнага суда ад 13 кастрычніка паведамляецца, што па выніках ахоўнага перыяду часовы кіраўнік падрыхтаваў справаздачу, і там гаворыцца, што ААТ „Мотавела” з’яўляецца неплацежаздольным прадпрыемствам.
Паводле даных часовага кіраўніка, крэдыторская запазычанасць „Мотавела” складае 80,1 мільёна рублёў. Пры гэтым часовы кіраўнік прыйшоў да высновы, што „аднаўленне плацежаздольнасці немагчымае” і „ёсць падставы для адкрыцця конкурснай вытворчасці” ў дачыненні да прадпрыемства.
На падставе гэтага Эканамічны суд Менска прыняў рашэнне распачаць конкурснае вядзенне ў адносiнах да „Мотавела” і прызначыць антыкрызіснага кіраўніка, які раней выконваў абавязкі часовага кіраўніка.
Чарговы судовы разбор па гэтай справе запланаваны на 24 студзеня 2018 года. Да гэтага часу антыкрызісны кіраўнік павінен падаць у суд план ліквідацыі (санацыі) ААТ „Мотавела”, а таксама спіс маёмасцi i даўгоў даўжнiка.
Згодна з беларускім заканадаўствам, працэдура банкруцтва прадугледжвае, што антыкрызісны кіраўнік фармуе конкурсную масу, гэта значыць выяўляе ўсю маёмасць даўжнiка, за кошт якой потым будзе задавальняць патрабаванні крэдытораў. Пры гэтым заканадаўства прадугледжвае, што патрабаванні крэдытораў, якія ўдзельнічаюць у конкурснай вытворчасці, задавальняюцца ў парадку чарговасці.
У першую чаргу задавальняюцца патрабаванні, звязаныя з прычыненнем шкоды жыццю і здароўю, якія тычацца выплаты заработнай платы, пагашэння запазычанасці перад бюджэтам. Толькі пасля гэтага, калі дастаткова сродкаў у ліквідаванага прадпрыемства, задавальняюцца абавязацельствы даўжнiка перад банкамі і іншымі крэдыторамі.
Як паведамлялася раней, да 2015 года „Мотавела” займалася вытворчасцю мотавелатэхнікі, але з-за вялікіх абавязацельстваў перад банкамі было вымушанае прыпыніць сваю асноўную дзейнасць.
У сувязі з даручэннем прэзідэнта, які запатрабаваў захаваць гэты від дзейнасці, два гады таму па ініцыятыве сталічных уладаў было створана ТАА „МотаВелаЗавод” — прадпрыемства зараз займаецца выпускам мотавелатэхнікі. У сваю чаргу, „Мотавела”, у дачыненні да якога распачатая працэдура банкруцтва, цяпер займаецца здачай памяшканняў у арэнду, у тым ліку „МотаВелаЗаводу”.
Старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац у верасні 2017 года на прэс-канферэнцыі паведаміў, што цяпер стаіць пытанне аб пераносе вытворчасці „МотаВелаЗавода” на іншую пляцоўку ў сувязі з банкруцтвам „Мотавела”, якому належаць арандаваныя памяшканні.