Магілёўскі мясакамбінат і „Вялес-Міт” будуць пастаўляць ялавічыну ў Кітай
Магілёўскі мясакамбінат і кампанія „Вялес-Міт” (Маладэчна) атрымалі сертыфікаты на пастаўку ялавічыны ў Кітай, паведаміў журналістам начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязяў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў 25 кастрычніка ў Менску перад пачаткам міжнароднага форуму „Беларусь мясная”.
Паводле яго слоў, беларуская дэлегацыя толькі што вярнулася з Кітая, дзе прапрацоўваліся пытанні пастаўкі ялавічыны з Беларусі. Багданаў адзначыў, што праводзіцца праца па пашырэнні спісу прадпрыемстваў–экспарцёраў у Кітай. „Спадзяемся, што гэтая праца завершыцца да канца гэтага года, а ў першым квартале наступнага года пачнецца сертыфікацыя і птушкафабрык для паставак мяса птушкі”, — сказаў ён.
Паводле слоў Багданава, з пачатку 2017 года мяса і птушкі экспартавана больш як на 1 млн долараў, у параўнанні з мінулым годам рост склаў 8%.
У цэлым за дзевяць месяцаў гэтага года сельгаспрадукцыі экспартавана больш як на 1,8 млрд долараў. Паводле вынікаў года плануецца дасягнуць паказчыка 2,6-2,8 млрд долараў. У „залежнасці ад кан’юнктуры рынку”, дадаў прадстаўнік Мінсельгасхарча.
У сваю чаргу намеснік кіраўніка асацыяцыі мясавытворцаў Кітая Ма Чжыюань заявіў, што Кітай вельмі зацікаўлены ў пастаўках ялавічыны з Беларусі. „Па нашых мерках, праца над сертыфікацыяй беларускіх прадпрыемстваў ідзе даволі хутка і паспяхова. Мы наведалі фактычна ўсе вядучыя мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў Беларусі і бачым вялікі патэнцыял у супрацы„, — сказаў ён.
Ма Чжыюань нагадаў, што Кітай і Беларусь падпісалі рамачнае пагадненне на пастаўку ялавічыны прыкладна на 20 млн долараў. І „гэта толькі пачатак”, падкрэсліў ён.