Старшыня СК: На целе Аляксандра Коржыча няма ніводнага пашкоджання
Следчы камітэт атрымаў заключэнне судова-медыцынскай экспертызы ў сувязі са смерцю ў вайсковай часці пад Барысавам радавога Аляксандра Коржыча, паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў 25 кастрычніка старшыня СК Іван Наскевіч:
„У адпаведнасці з заключэннем, на целе загінулага Коржыча няма ніводнага цялеснага пашкоджання, за выключэннем странгуляцыйнай баразны (след ад пятлі, які ўтвараецца пры павешанні). Уся інфармацыя, што была ў інтэрнэце, нібыта жывога месца не было, яна, вядома, не адпавядае рэчаіснасці. Тыя сляды на целе, якія сваякі і сябры лічылі слядамі збівання, — гэта ўжо пасмяротныя змены, так званыя трупныя плямы„, — сказаў кіраўнік СК.
Паводле слоў Наскевіча, на гэты момант распачатыя і злучаныя ў адну вытворчасць у сувязі з гібеллю Коржыча ўжо 13 крымінальных спраў. „Гэта і нестатутныя ўзаемаадносіны, і халатнасць, і махлярства”, — дадаў ён.
Старшыня СК удакладніў, што па-ранейшаму следства разглядае тры версіі здарэння: самагубства, давядзенне да самагубства, наўмыснае забойства. „Я не магу зараз сказаць, што нейкая з іх прэвалюе”, — адзначыў Наскевіч.
„Будзе правільна сказаць, што следства знаходзіцца ў разгары. Прыблізна 15-20 следчых практычна штодня займаюцца толькі гэтымі крымінальнымі справамі”, — заявіў кіраўнік Следчага камітэта.
21-гадовага радавога Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і апранутай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе медроты. 5 кастрычніка следства ў якасці першапачатковай версіі назвала суіцыд, але сваякі з гэтым не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі таго, што здарылася: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.
Па справе Коржыча заключаныя пад варту 10 чалавек, у тым ліку два афіцэры, сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцце мер па прадухіленні гібелі радавога з арміі звольненыя пяць чалавек, яшчэ два — адхіленыя ад працы. Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка адхіліў ад пасады начальніка 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл палкоўніка Канстанціна Чарнецкага. Было заяўлена, што расследаванне справы знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы. БелаПАН