Камісія па экстрэмізме – вынікі працы пакуль невядомыя (абноўлена)



Зрабіць экспертызы легітымнымі. Менавіта так праваабаронца Таццяна Рэвяка ацэньвае спробу стварыць у Беларусі экспертныя камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (альбо адсутнасці) там праяваў экстрэмізму. Ранейшы парадак прызначэння экспертызаў, напрыклад, канфіскаваных друкаваных вырабаў на мяжы прызнаны незаконным – узгадвае праваабаронца, якая судзілася ў Ашмянскім судзе з-за кніг аўтарства Алеся Бяляцкага, што канфіскавалі гарадзенскія мытнікі.

– Як памятаеце, рашэнне пра забарону кніжкі суддзя прымала на падставе ўнутранага пераканання. Бо той механізм экспертызы, які быў ужыты, прызнаны незаконным. Думаю, гэта ўсё дзеля таго, каб не траплялі ўсе астатнія ў такую ж сітуацыю.

Больш на гэту тэму сёння, 30 кастрычніка, у праекце “Месца для прэсы” а 19.30 паводле беларускага часу, а 17.30 паводле польскага.

* * *

У беларускім Міністэрстве інфармацыі пакуль не гатовыя паведаміць пра вынікі працы адмысловай камісіі па экстрэмізме, але пераконваюць – праца вядзецца, і пра рашэнні камісіі грамадства будуць шырока інфармавацца.

Ад канца верасня ў Беларусі дзейнічае Рэспубліканская камісія па ацэнцы прадукцыі на прадмет наяўнасці (альбо адсутнасці) праяваў экстрэмізму.

Камісіі ствараныя ў кожным абласным цэнтры, а Рэспубліканская дзейнічае пры Міністэрстве інфармаціі, дзе суразмоўца, які не назваўся, сказаў нашаму карэспандэнту, што пакуль рана казаць пра вынікі дзейнасці:

– Пакуль разглядаюцца дакументы. Калі дакументы будуць разгледжаныя, будзе нейкае рашэнне, мы абавязова пра яго сродкам масавай інфармацыі паведамім. Калі будуць вынікі ў выглядзе тых ці іншых рашэнняў, то пагаворым па практычных выніках.

У абласных цэнтрах камісія ўжо створаная ў Гародні, адпаведанае рашэнне абласнога выканаўчага камітэту датуецца дзясятым кастрычніка. Яе ачольвае загадчык кафедры рускай мовы Гарадзенскага ўніверсітэта, прафесар Аляксей Нікіцевіч. „Чалавек – добра вядомы“, – кажа журналіст Андрэй Пачобут:

– Гэта эксперт, які даваў заключэнне па маёй першай крымінальнай справе. Зразумела, які ён будзе бачыць экстрымізм, калі ён яшчэ не быў у гэтай камісіі, а ўжо сябе так праявіў. Падбіраюць склад такіх камісій, каб была магчымасць імі кіраваць.

Лаяльнасць – галоўны крытэр, па якім улада падбірала кандыдатаў у гэту камісію – лічыць Андрэй Пачобут. Таму ў справах адносна тых выданняў і журналістаў, якія не падабаюцца ўладам, цяжка спадзявацца, што рашэнні гэтай камісіі будуць аб’ектыўнымі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя