Археолагі ў Старым замку ў Гародні знайшлі залаты пярсцёнак



У Старым замку ў Гародні археолагі знайшлі залаты пярсцёнак, паведамленне аб гэтым размешчана на сайце Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Археолагі вывучаюць двор Старога замка перад пачаткам работ па рэканструкцыі гістарычнага аб’екта.

Другі тыдзень раскопак прынёс унікальныя знаходкі. За дзень да гэтага была выяўленая шахматная фігура, XIV стагоддзя арыенціровачна. Верагодней за ўсё, гэта ладдзя.

25 кастрычніка археолагі выявілі жаночае залатое колца. Папярэдні раз залатое колца (мужчынскае) было знойдзена на раскопках у замку ў 1949 годзе.

Выявілі знаходкі ў пласце, які адносіцца да канца XIV – пачатку XV  стагоддзя. Сярод іншых прадметаў – кованая спражка ад рэменя, тачыльны асялок, цвікі, часткі металічных вырабаў, якія таксама адносяцца да той эпохі. Раней, напрыклад, былі знойдзеныя часткі будаўнічых матэрыялаў, кераміка і манета XVII стагоддзя. Археолагі выйшлі да каменнай маставой, пад якой ужо драўляная забудова замка. Як адзначаюць спецыялісты, раскопкі дазволяць даведацца планіроўку замка ў розныя гады яго існавання. Магчыма, будуць прыадчыненыя і іншыя таямніцы Гародні.

Работы па рэстаўрацыі Старога замка ў Гародні пачаліся ў сярэдзіне верасня. 

belta.by

Фота з сайта Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея