Рух Салідарнасці “Разам” ладзіць Марафон Памяці
29 кастрычніка Рух Салідарнасці “Разам” ладзіць традыцыйную акцыю ўшанавання, маршрут якой праходзіць па месцах згубы ахвяраў камуністычных рэпрэсій, – Кальварыя, Цівалі, Лошыца, урочышча Благоўшчына (Трасцянец), Вайсковыя могілкі, парк Чалюскінцаў, Курапаты.
Мэтай гэтай акцыі, якая ладзіцца на працягу ўжо 10 год, ёсць увесці гэтую дату, – 29 кастрычніка, – у будучы беларускі каляндар як Дзень Памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
Акцыя была анансавана яе ініцыятарам Вячаславам Сіўчыкам падчас хвіліны маўчання ля будынка КДБ 21 кастрычніка.
Пачатак акцыі – аб 11-й гадзіне ля Брамы Кальварыйскіх могілак.
Завершыцца марафон а 17-й гадзіне ў Курапатах.
На кожным месцы ўшанавання адбудзецца кароткая служба за спачын душ памерлых, будуць ускладзеныя кветкі і запаленыя знічкі.
Да выступаў запрошаны: Алесь Марачкін, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Халіп, Мікола Купава, Анатоль Астапенка, Генадзь Драздоў, Ігар Кузнецоў, Мечыслаў Бурак, Зміцер Захарэвіч, Андрэй Мельнікаў, Славамір Адамовіч.
Беларускае Радыё Рацыя