У Жодзінскай турме ўжо месяц галадаюць вязні з-за невыносных умоў



Прычынай галадоўкі сталі невыносныя ўмовы, у якіх утрымліваюцца асуджаныя ВУ «Турма №8« УДВП МУС па Менскай вобласці. 

Зараз сітуацыя стала настолькі крытычнай, што сваякі асуджаных, якія абвясцілі галадоўку ў знак пратэсту супраць бесчалавечных умоў утрымання, вырашылі звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай умяшацца ў сітуацыю і пакласці канец здзекам над асуджанымі.

Як стала вядома арганізацыі абароны правоў вязняў «Новая платформа інавэйшн», з усіх агучаных праблем у Жодзінскай турме адміністрацыя звярнула ўвагу пакуль толькі на неаказанне неадкладнай медыцынскай дапамогі асуджаным, якія пакутуюць рознымі хранічнымі захворваннямі. Усе астатнія праблемы ігнаруюцца, як і працяглая галадоўка, якая доўжыцца 30 дзён. Як тлумачаць сітуацыю самі супрацоўнікі ВУ «Турма № 8», ліквідаваць наяўныя парушэнні сваімі сіламі яны не ў стане, паколькі гэта патрабуе адчувальных фінансавых выдаткаў, якімі турма ў дадзены момант не валодае.

З размовы аднаго са сваякоў галадоўніка з прадстаўніком ДВП МУС стала вядома, што ў Дэпартаменце альбо не ведаюць пра галадоўку, альбо ўсяляк спрабуюць схаваць гэты факт ад сваякоў.