У Сейме Польшчы дыскутавалі пра СМІ нацменшасцяў



У польскім Сейме адбылося пасяджэнне камісіі нацыянальных і этнічных меншасцяў. На сходзе абмяркоўваліся пытанні электронных СМІ, дзяржаўнага фінансавання перадач для меншасцяў, а таксама былі выслуханы прапановы прадстаўнікоў нацыянальных суполак.

Сярод іншага, старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа прапанаваў, каб на нацыянальным польскім тэлебачанні з’явілася асобная перадача пра жыццё нацыянальных меншасцяў. Грамадскі дзеяч таксама адзначыў, што важныя падзеі ў жыцці беларусаў Падляшша недастаткова асвятляюцца грамадскімі польскім медыямі:

– Калі паказваюцца фестывалі цыганскай музыкі, габрэйскай, украінскай, то чаму няма рэтрансляцыі на агульнапольскіх тэлевізійных праграмах, напрыклад, “Басовішча” ці “Бардаўскай восені”, якія былі б цікавымі для ўсіх. Мэтай польскіх радыё і тэлебачання павінна быць адукацыя, і ў гэтым праблема.

Яўген Вапа дадаў, што перадачу пра жыццё ўсіх нацыянальных меншасцяў некалі выпускала рэгіянальнае кракаўскае тэлебачанне. Выпуск такой перадачы на агульнапольскім узроўні адпавядае чаканням нацынальных меншасцяў, у тым ліку і беларусам.

Падчас пасяджэння камісіі па справах нацыянальных і этнічных меншасцяў паміж дэпутатамі адбылася кароткая палеміка. Прадстаўнік польскіх немцаў паскардзіўся на недастатковае фінансаванне нямецкамоўных праграм на радыё ў Катвіцах.

У сваю чаргу дэпутат „Права і Справядлівасці” Шыман Гіжыньскі намякнуў, што палякі ў Нямеччыне ўвогуле не маюць статусу нацыянальнай меншасці, таму трэба дабівацца прынцыпу ўзаемнасці ў гэтым пытанні:

– Патрабуем і будзем штораз гучней патрабаваць абсалютнай узаемнасці ў гэтых адносінах. Варта было б як найхутчэй вырашыць гэтыя справы, тады такія просьбы мелі б падтрымку.

У сваю чаргу дэпутат Сейма ад нямецкай меншасці Рышард Галя абурыўся словамі свайго калегі з камісіі ды адзначыў, што любая нацыянальная меншасць – гэта перадусім грамадзяне Польшчы, і яны не могуць быць закладнікамі міжнароднай палітыкі:

– Адна меншасць не можа быць закладнікам іншай, а таксама ўраду, які праводзіць такую палітыку. Калі мы будзем патрабаваць прынцыпу ўзаемнасці, то можа дайсці да таго, што будуць абмяжоўвацца свабоды меншасці. Чаму яна павінна быць закладнікам іншай меншасці ў іншай краіне?

Дэпутат Рышард Галя таксама дадаў, што спачувае любой меншасці ў любой краіне, правы якой не выконваюцца. Тым ні менш, дыскрымінацыя меншасці ў іншай краіне не дае падставаў рабіць тое самае ў Польшчы.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

***

З карэспандэнтам Радыё Рацыя, які прысутнічаў на паседжанні камісіі, пагутарыў Радаслаў Дамброўскі.

РР: Што было прадстаўлена на Камісіі? Пра што гаварылі дэпутаты і прадстаўнікі краёвай рады радыёфоніі і тэлевізіі?

Адам Завальня: Перадусім былі падсумаваныя вынікі 2016 года. Былі прыведзеныя статыстыкі аб колькасці выдаткаваных грошай на перадачы для нацыянальных меншасцяў, таксама аб колькасці гадзінаў. Уласна, напрыклад, беларусы Польшчы па колькасці  гадзінаў у грамадскай тэлевізіі па-беларуску знаходзяцца на другім месцы пасля украінцаў – гэта амаль што 37 гадзінаў цягам года. Тут перадусім маецца на ўвазе Беластоцкае аддзяленне TVP. Таксама ў агульных словах было сказана, што нацыянальныя меншасці – гэта вельмі важная частка грамадства і, безумоўна, і гэта ўсё вынікае з заканадаўства, павінны быць на роднай мове інфармацыйныя перадачы для кожнай меншасці. Ну і беларусы маюць тут пэўную сваю ролю.

РР: На колькі ведаю, на гэтай сустрэчы апрача таго, што гаварылі прадстаўнікі краёвай рады радыёфоніі і тэлевізіі, прагучалі таксама прапановы ад прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці. Якія гэта прапановы?

Адам Завальня: Так, прапановы былі. Але я хацеў бы тут трошкі сказаць аб пэўных крытычных момантах. Дакланей аб крытыцы, якая прагучала ад прадстаўнікоў нацыянальнай меншасцяў. Па-першае, наконт некаторых лічбаў і дадзеных, напрыклад, так сталася, што ў справаздачах, прадстаўленых краёвай радай радыёфоніі і тэлевізіі, напрыклад, праваслаўныя перадачы рэлігінай тэматыкі былі залічаны адначасова і да беларускай мовы і да ўкраінскай. Хаця, як вядома, яны часта вядуцца па-польску. Наконт прапановаў, то вельмі цікавая прапанова паступіла ад прастаўніка беларусаў у Польшчы спадара Яўгена Вапы. Ён прапанаваў, каб перадача аб нацыянальных меншасцях гучала таксама ў цэнтральным польскім тэлебачанні на польскай мове, каб была сталая перадача, якая распавядае пра жыццё нацыянальных меншасцяў. Ён зазначыў, што, напрыклад, некаторыя беларускія імпрэзы на Падляшшы – пра іх амаль што не чутна ў Польшчы, пра іх проста не ведаюць грамадзяне Польшчы. Гэта і “Басовішча”, і “Бардаўская восень”. І было б вельмі няблага, каб на цэнтральным тэлебачанні з’явілася адпаведная праграма і распавядала грамадзянам Польшчы пра такія культурныя цікавосткі на Падляшшы.

РР: Ці была гаворка пра нейкія змены ў падтрымцы нацыянальных меншасцяў у наступным годзе?

Адам Завальня: Што датычыць зменаў, то пакуль яны не агучваліся. Як паведаміла прадстаўніца краёвай рады радыёфоніі і тэлевізіі, пакуль што ўсё ў межах праектаў, яны яшчэ будуць аналізаваць канкрэтныя лічбы і канкрэтныя прапановы, але абяцалі, што неўзабаве будзе склікана яшчэ адно паседжанне Камісіі па нацыянальных і этнічных меншасцях у Сейме, ужо з удзелам прадстаўнікоў уласна грамадскага польскага радыё і грамадскай тэлевізіі. І тады можна будзе больш канкрэтна меракаваць, якія змены магчымыя.

[Not a valid template]

Гутарыў Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя