Дзень, калі беларусы адчулі сябе нацыяй



26 гадоў таму ля ўрочышча Курапаты ў Менску адбыўся масавы мітынг памяці ахвяраў сталінскага рэжыму. Мірная акцыя была жорстка разагнаная з выкарыстаннем спецсродкаў. Веткаўская паэтэса Ларыса Раманава ўдзельнічала ў маніфестацыі ў складзе групы гомельскіх талакоўцаў.

Вельмі запомніўся момант, калі была хвіліна маўчання, якую агучыў Зянон Пазьняк, і многія людзі стаялі проста на каленях. Была такая хвіліна… Хвіліна цішыні, хвіліна маўчання. І я таксама стаяла на каленях. А што пасля?.. Камусьці не спадабаўся гэты дзнь – дзень ушанавання бязвінна загінулых. Я памятаю, што ў той дзень і дубінкамі людзей разганялі.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў быў адным з трох аратараў, якія паспелі выступіць перад людзьмі прама ў полі.

–  Паспелі  выступіць я, Зянон і паэтка Таня Гененка, якой ужо няма сярод нас. Пасля гэтага ступіў наперад хлопец, якога мы дагэтуль не можам знайсці. Хоць я веру, што ён у Беларусі, што ён усё гэта памятае. Ён расшпіліў сваё паліто – і быў абкручаны бел-чырвона-белым сцягам. Ён узняў гэты сцяг. І гэта было першае публічнае ўзняцце бел-чырвона-белага сцяга ў нашай найноўшай гісторыі.

Акцыя на Дзяды 30 кастрычніка 1988 года стала пачаткам традыцыі штогадовых шэсцяў памяці ахвяраў камуністычнага тэрору ў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота з архіву Уладзіміра Арлова