Алег Алкаеў: Мараторый – гэта прадмет гандлю



Былы начальнік менскага СІЗА і аўтар скандальнай кнігі “Растрэльная каманда” Алег Алкаеў ацэньвае перспектывы адмены ў Беларусі смяротанага пакарання.

Размовы пра адмену вышэйшай меры пакарання ў Беларусі (увядзенне мараторыя на выкананне смяротных прысудаў) ходзяць ужо даўно, але воз застаецца на месцы. Пытанне будуць адкладваць да бясконцасці?

Алег Алкаеў: У гэтай сітуацыі я бачу два варыянты развіцця падзей. Першы – увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Для гэтага дастаткова волі аднаго чалавека – беларускага кіраўніка. Другі – поўная адмена вышэйшай меры пакарання. Гэта значыць, выключэнне гэтай меры з Крымінальнага кодэкса. Вышэйзгаданае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі парламента, а таму пра такі варыянт трэба адразу забыць. А першы, відаць, і стане прадметам гандлю з Захадам.

РР: На ваш погляд, у бліжэйшы час ці можна разлічваць на ўвядзенне мараторыя?

Алег Алкаеў: Усё залежыць ад таго, наколькі глыбока і якасна будуць развівацца стасункі Беларусі з Захадам. А дакладней – якое будзе стаўленне Еўропы асабіста да беларускага кіраўніка. Проста гуманныя памкненні, думаю, тут не спрацуюць.

Дарэчы, само па сабе ўвядзенне мараторыя – гэта парушэнне Канстутуцыі, бо ніхто (нават прэзідэнт) не мае права адмяняць судовае рашэнне. Беларускі кіраўнік мае права толькі на памілаванне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя