Псальмяр дэфармаванай Беларусі



У Гомелі выйшла новая кніга пра паэта Анатоля Сыса. Аўтар біяграфічнага нарысу „Псальмяр дэфармаванай Беларусі”- бард Андрэй Мельнікаў – вырашыў прэзентаваць выданне ў гадавіну народзінаў паэта 26 кастрычніка. У памяшканні грамадска-палітычнага цэнтру па вуліцы Палескай сабраліся аматары паэзіі Анатоля Сыса і ягоныя сябры.

Андрэй Мельнікаў выказвае падзяку Гомельскаму грамадска-палітычнаму цэнтру за спрыянне ў падрыхтоўцы выдання.

«Гэта трэцяя мая кніга, выдадзеная на тэрыторыі Беларусі. Папярэднія дзве выйшлі ў прыватным выдавецтве «Харвест» пра Васіля Быкава і Анатоля Сыса. Новая кніга – адна з многіх пра беларускую літаратуру, у якой я ў нейкай ступені лічу сябе кампетэнтным, магу сказаць тое, што не скажуць іншыя», — адзначыў у пачатку імпрэзы аўтар.

Андрэй Мельнікаў паспрабаваў у сваёй кнізе не абмінуць праблемных сітуацый, якія здараліся з Анатолем Сысам у жыцці.

Андрэй Мельнікаў:

Што да героя кнігі, то ёсць містычная віна нацыі ў тым, што чалавек, які мог стаць нашым брэндам, сумна скончыў. Уладзімір Някляеў пасля скону Анатоля неяк сказаў: «Нам падавалася, што мы ратавалі Сыса, а насамрэч неслі яму свае грахі». Гэта звычайная рэч: калі мы чалавека «грузім», яму яшчэ цяжэй, а да любові нам трэба дарасці.

Кніга з’явілася невялікім накладам у 210 асобнікаў дзякуючы падтрымцы грамадскага дзеяча Уладзіміра Кацоры.

Уладзімір Кацора:

– Нашае, так бы мовіць, выдавецтва – гэта насамрэч зламаны КДБ рызограф, які мы потым адрамантавалі. А таксама звычайны прынтар. Усю працу па вёрстцы рабіў на сваім камп’ютары Андрэй Толчын. Мы проста пасадзейнічалі Андрэю Мельнікаву рэалізаваць ягоную задуму. Для многіх гомельцаў асоба паэта Анатоля Сыса – гэта terra incognita. Спадзяюся, мы зрабілі невялічкі ўнёсак што да папулярызацыі творчасці паэта.

Кніга „Анатоль Сыс – псальмяр дэфармаванай Беларусі” аўтарства Андрэя Мельнікава – гэта працяг выдавецкай грамадскай ініцыятывы Уладзіміра Кацоры. Раней пры падтрымцы Гомельскага грамадска-палітычнага цэнтра друкаваліся творы Ларысы Раманавай, Таісы Мельчанкі, Вадзіма Болбаса і іншых літаратараў Гомельскага рэгіёна.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель