Пётр Парашэнка стаў афіцыйным даляравым мільярдэрам



Украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка стаў афіцыйным даляравым мільярдэрам. Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай часопісам “Новы час” і інвестыцыйнай кампаніяй Dragon Capital, актывы ўкраінскага прэзідэнта складаюць 1 мільярд даляраў і 7 % гадавых прыбыткаў ад гэтых актываў. Падчас перадвыбарчай кампаніі 2014 года Пётр Парашэнка паабяцаў адмовіцца ад свайго бізнэса. Але абяцання не выканаў.

Канфлікт інтарэсаў Парашэнкі-прэзідэнта і Парашэнкі-алігарха шмат у чым і вызначае сістэмны крызіс, у якім апынулася Украіна, у тым ліку і ў сітуацыі на Усходзе. Так мяркуе палітолаг Яўген Корж:

– Адзін алігархат змяніўся на іншы алігархат. Зараз Пятро Парашэнка, наш прэзідэнт, знаходзіцца на кручку ў Пуціна, маючы свой бізнес у Ліпецку (Расея), фабрыка “Рашэн”, мае і іншыя заводы, у тым ліку і ў Крыме. Ён іх не прадае. Ён, магчыма, выдатны алігарх. Але нам патрэбны нацыянальны лідар.

Мільярдэр Пётр Парашэнка займае пяты радок у рэйтынгу найбагацейшых людзей Украіны. На першым радку ужо 11 гадоў запар – данецкі алігарх Рынат Ахметаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя