Бізнесмен Юрый Авяр’янаў абвешчаны ў міжнародны вышук
Бізнесмен Юрый Авяр’янаў абвешчаны ў міжнародны вышук. Пра гэта журналістам 27 кастрычніка ў Менску паведаміў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.
У дачыненні да Авяр’янава, які знаходзіцца за межамі Беларусі, расследуецца справа па артыкуле 243 КК (арганізацыя ўхілення ад выплаты падаткаў).
Паводле слоў Наскевіча, у дачыненні да кіраўнікоў камерцыйных структур, звязаных з бізнесменам Авяр’янавым, распачаты шэраг крымінальных спраў, якія аб’яднаны ў адну вытворчасць. Матэрыялы знаходзяцца ў галоўным следчым упраўленні Следчага камітэта. Канчатковая сума ўрону пакуль не вызначана.
Юрый Авяр’янаў — адзін з першых беларускіх бізнесменаў і доларавых мільянераў. Яго асноўнымі актывамі з’яўляюцца кампаніі „Інтэкс”, і „Ростэм” „Гандлёвы свет — „Кальцо”. Першая кіруе Madison Royal Club. Другая ўключае ў сябе рынак будаўнічых матэрыялаў у сталічным мікрараёне Уручча, парк забаў „Дрымлэнд” і філіял „Аграфірма „Ілья”. Трэцяя аб’ядноўвае аўтамабільны і будаўнічы рынкі ў сталічным мікрараёне Малінаўка.
У пачатку верасня стала вядома, што Следчым камітэтам прынята да вытворчасці крымінальная справа, узбуджаная дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю ў дачыненні да Юрыя Авяр`янава і шэрагу кіраўнікоў камерцыйных структур. Па падазрэнні ва ўчыненні супрацьпраўных дзеянняў былі заключаны пад варту шэсць чалавек, у тым ліку дырэктары ЗАТ „Гандлёвы свет — „Кальцо” і ТАА „Парк забаў „Дрымлэнд”, упраўляючы Madison Royal Club.
У канцы верасня Юрый Авяр’янаў заявіў, што лічыць абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў неабгрунтаванымі, а саму праблему прыцягнутай за вушы.
„<…> Мне ўдалося атрымаць дакументы, па якіх мяне і кіраўнікоў трох кампаній спрабуюць абвінаваціць. Сутнасць… За апошнія 2,5 года кампанія „Гандлёвы свет — „Кальцо” нібыта ўхілілася ад выплаты падаткаў аж на цэлых 35.000 рублёў. Гэта насамрэч два дні працы рынку. ТАА „Парк забаў „Дрымлэнд” — за два гады нібыта ўхіленне на 85.000 рублёў. Гэта кошт невялікага атракцыёну ў парку. ЗАТ „Інтэкс” — за два з паловай гады нібыта ўхіленне 155.000 рублёў. Некалькі месяцаў працы клуба. Вось і атрымліваецца, што праблема прыцягнутая за вушы”, — напісаў бізнесмен Naviny.by па электроннай пошце.
Паводле слоў Авяр’янава, гэтыя невялікія сумы можна было б прад`явіць без затрыманняў, а проста паведаміць і паглядзець выкананне. „Так рэкамендуе прэзідэнт. А гэта спецыяльная аперацыя па захопу і дыскрэдытацыі кампаній”, — мяркуе Юрый Авяр’янаў.