На Данбасе „рэжым цішыні” быў парушаны больш за 40 разоў



За мінулыя суткі больш за сорак разоў быў парушаны гэтак званы „рэжым цішыні на Данбасе”. Нягледзячы на амаль двухмесячнае перамір’е баявыя сутыкненні працягваюцца, і ахвярамі яго становяцца не толькі вайскоўцы з абодвух бакоў канфлікту.

„На тэрыторыі 20-30 кіламетраў ад лініі фронту, нягледзячы на кантроль украінскай улады людзі не могуць вярнуцца да нармальнага жыцця”, – кажа ўкраінскі праваабаронца і журналіст з Луганска:

– Населеныя пункты абстрэльваюцца мінамётамі, артылерыяй і ракетамі. Людзі пакутуюць, людзі гінуць, руйнуецца жытло людзей. На гэтым фоне не вырашаюцца праблемы звязаныя з забеспячэннем электраэнергіяй, у некаторых месцах пітной вадой, нават тэхнічнай вадой, пастаўка газа не паўсюдна наладжана ці адноўлена, у шматлікіх прыфрантавых тэрыторыях напрацягу трох месяцаў не атрымлівалі пенсій.

Напярэдадні прарасейскія баявікі заявілі, што Кіеў нібыта адклікаў свой подпіс пад гэтак званымі менскімі пагадненнямі аб прыпыненні агню. Кіеў такія паведамленні абвяргае.

Прадстаўнікі гэтак званых Данецкай  і Луганскай Народных Рэспублік неаднаразова заяўлялі, што маюць намер вярнуць кантроль над усімі тэрыторыямі Данецкай і Луганскай абласцей. На сёння пад іх кантролем знаходзіцца толькі трэцяя частка Данбасу.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя