Вобраз сучаснай Польшчы ў прыбалтыйскіх краінах і ў Беларусі



„Вобраз сучаснай Польшчы і яе замежнай палітыкі ў прыбалтыйскіх краінах і ў Беларусі”. Канферэнцыя з такой назвай адбылася ў Ольштыне. Як беларусы ставяцца да палякаў — пра гэта распавядаў гарадзенскі гісторык прафесар Алесь Краўцэвіч.

— Польшча, па-першае, немалая краіна, па-другое, краіна даволі багатая, па-трэцяе, Польшча мае гістарычныя інтарэсы практычна ва ўсіх суседніх краінах, бо некалі гэта была Рэч Паспалітая многіх народаў, потым гэта была Польская міжваенная дзяржава. У гэтых суседніх краінах, пра якія ідзе гаворка, жывуць палякі. У Нямеччыну палякі выязджаюць у эміграцыю, у Беларусі, ва Ўкраіне, у Расеі і ў Літве жывуць палякі. Таму зразумела, што палякаў і не толькі чыноўнікаў, але і грамадства, цікавіць, як яны выглядаюць у вачах суседзяў.  

У Беларусі няма сацыялагічных даследаванняў на гэтую тэму, там абапірацца ў сваіх высновах Алесю Краўцэвічу прыходзілася на аснове меркаванняў калегаў ці гутарак з беларусамі, якія часта бываюць у Польшчы, ды на паведамленнях у прэсе.  На канферэнцыі таксама было аспрэчана меркаванне нібыта аб дрэнным стаўленні да палякаў з боку расейцаў:

— Быў даклад расейскага прафесара з Калінінграда, і там расейскае грамадства ўсё ж ставіцца  пазітыўна. А ў Беларусі няма даследаванняў. Нашы людзі, асабліва не інтэлектуалы, яны пад уплывам тэлебачання. А ў тэлебачанні часта бывае антыпольскі змест. Я казаў, што шмат над чым яшчэ ёсць працаваць. На прыкладзе скандалу ў Швейцарыі, якога можна было пазбегнуць, шмат яшчэ трэба зрабіць. І першымі пачаць маюць гісторыкі. І мы ўжо пачалі. На прыкладзе кніжкі па гісторыі Гародні, якую напісаў калектыў польскіх і беларускіх аўтараў. Узгодненую гісторыю пагранічнага горада.

Матэрыялы з канферэнцыі пад назвай „Вобраз сучаснай Польшчы і яе замежнай палітыкі ў прыбалтыйскіх краінах і ў Беларусі” могуць увайсці ў праграму „Бітвы народаў” Алеся Краўцэвіча на Радыё Рацыя, а таксама будуць апублікаваныя ў ольштынскім часопісе «Рэгіёны пагранічча».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя