Гальшанскі кляштар францішканаў



Дзівосны від на Гальшаны ўзнікае, калі едзеш з боку Трабаў – мястэчка пры набліжэнні нібыта вырастае з зямлі. Здалёк відаць барокавы касцёл і кляштар. Гэта архітэктурны комплекс даўняга ордэну францішканаў. Менавіта з ім звязана легенда пра замураваную ў сцяну кляштара маладую жанчыну, прывід якой час ад часу паказваецца людзям.

Першы будынак касцёлу пабудаваны ў пачатку 16 стагоддзя, у сярэдзіне таго ж стагоддзя перабудаваны ў кальвінскі збор. У 1618 годзе храм на сродкі Паўла Сапегі зноў перабудаваны ў касцёл. Тады ж збудаваны жылы корпус кляштару для манахаў. Пад касцёлам была крыпта. У 1770-ых гадах касцёл разабраны амаль да падмурку, на яго аснове збудаваны новы. А двух’ярусная званіца тут была ўзведзена ў 1810-ыя гады.

Кляштар быў скасаваны расейскімі ўладамі ў 1832 годзе. Сам касцёл заняпаў пасля другой сусветнай вайны, адноўлены толькі ў наш час і зараз служыць патрэбам вернікаў. У кляштары з 1989 года размяшчаўся філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, потым з-за аварыйнага стану будынку яго зачынілі. Кляштар надалей патрабуе рэстаўрацыі.

У Гальшаны бальшыня людзей прыязджае паглядзець руіны старажытнага сапегаўскага замку, многія папросту абмінаюць кляштар, які ў самым цэнтры мястэчка. А між іншым яго варта і наведаць і абысці наўкола, каб убачыць усю адметнасць гэтага архітэктурнага комплексу. У нядаўні восеньскі прыезд у Гальшаны мы з сябрамі так і зрабілі.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара