Андрэй Шарэнда – на волі



Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Андрэй Шарэнда з Берасця выйшаў на волю пасля 15-суткавага арышту, які адбываў у Ганцавіцкім ізалятары часовага ўтрымання. Актывіста прыехала сустракаць жонка Паліна з сяброўкай і рэдактар мясцовай незалежнай газеты “Ганцавіцкі час” Пятро Гузаеўскі. Але сустрэча была сарвана міліцыянтамі. Нягледзячы на іх добрыя адносіны да апазіцыянера ўсе 15 сутак, яны адвезлі актывіста без яго згоды на вакзал, кажа Андрэй Шарэнда:

– За паўгадзіны да вызвалення вывезлі мяне на чыгуначны вакзал. Была ўжо ноч. Позна. Незнаёмы горад. Мне давялося доўга шукаць дарогу да РАУСа. Мяне доўга чакалі сябры. Калі мяне вывозілі міліцыянты, я добра бачыў сваю жонку і сяброў, я папрасіў іх спыніцца, сказаў, што тут хачу выйсці. На што яны мне адказалі, што абавязаны вывезці мяне далей ад РАУСа, не тлумачачы мне прычыны, навошта яны гэта робяць.

Апазіцыянер лічыць здзекам не толькі сваё такое вызваленне, але і прывентыўнае затрыманне напярэдадні акцыі 21 кастрычніка ў Менску. Хаця афіцыйная прычына арышту – за  ўдзел у акцыі 8 верасня ў Менску. За акцыю Андрэя Шарэнду завочна асудзілі на 15 сутак. Пра што ён даведаўся падчас гвалтоўнага затрымання вечарам на вуліцы ў Берасці 7 кастрычніка. Андрэю не дазволілі паведаміць жонцы, што затрымалі і завезлі ў Ганцавічы. Яна даведалася толькі праз трое сутак.

Асобна актывіст дзякуе незнаёмаму Леаніду за харчовую перадачу ў час  адсідкі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Пётр Гузаеўскі