Пра вузел сувязі ў Вілейцы
Сёння мы працягнем гутарку пра расейскія ваенныя аб’екты ў Беларусі.
Акрамя станцыі папярэджання аб ракетным нападзе пад Ганцавічамі, на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца 43-й вузел сувязі ВМФ Расеі, размешчаны каля Вілейкі. Аб’ект уведзены ў строй у далёкім 1964 г., знаходзіцца на аб’екце радыёперадавальнік «Антэй» (RJH69), які забяспечвае пастаянную радыёсувязь Галоўнага штаба ВМФ з караблямі і падводнымі лодкамі (у тым ліку і тымі, што знаходзяцца ў падводным стане) на баявым дзяжурстве ў водах Атлантычнага, Індыйскага і часткова Ціхага акіянаў. А таксама праводзіць радыётэхнічную выведку, радыёэлектронную барацьбу і перадае ў эфір сігналы эталоннага часу.
Перадатчык «Антэй» магутнасцю 1000 кВт з’яўляецца рэтранслятарам- узмацняльнікам сігналу, які працуе ў дыяпазоне звышдоўгіх хваль (звыш 10 км). Аб’ект займае плошчу 650 га, мае 15 апораў вышынёй 270 м і 3 «круглых» мачты вышынёй 305 м, якія падтрымліваюць антэннае палатно парасонавага тыпу з нацягнутых тросаў масай 900 т. Памяшканні радыёстанцыі размяшчаюцца ў фартыфікацыйным падземным збудаванні, з’яўляюцца аўтаномнымі і абсталяваныя неабходнымі сістэмамі жыццезабеспячэння.
Колькасць асабовага складу вузла сувязі — каля 350 афіцэраў і мічманаў ВМФ Расеі.
Знаходжанне вузла сувязі на тэрыторыі Беларусі аформлена міжурадавым пагадненнем ад 1995 года, тэрмін дзеяння якога – 25 гадоў. Згодна з пагадненням, вузел сувязі з’яўляецца «расейскай ваеннай установай» і не мае статусу ваеннай базы. Нерухомая маёмасць, якая была на момант падпісання дамовы, з’яўляецца ўласнасцю Беларусі, а нерухомая, якая ствараецца пасля падпісання пагаднення, і рухомая — уласнасцю Расеі. Сваю нерухомую маёмасць і зямельны ўчастак, на якім яна размешчана, на перыяд дзеяння пагаднення Беларусь перадала ў карыстанне Расеі без збірання ўсіх відаў падаткаў, акрамя падаткаў, звязаных з гаспадарчай дзейнасцю. Узамен Расея дае Беларусі інфармацыю аб парадку перадачы сігналаў Дзяржаўнай сістэмы адзінага часу і эталонных радыёчастот Расеі.
Аднак 43-й вузел сувязі не з’яўляецца адзіным аб’ектам, якія забяспечвае сувязь з падводнымі лодкамі. Аналагічны аб’ект расейскага ВМФ знаходзіцца ў Расеі каля пасёлка Дружны Ніжагародскай вобласці. Гэта трафейны перадатчык «Галіяф» ваеннага флоту Германіі, які быў уведзены ў строй увесну 1943 г. каля г. Кальбе. У 1949 г. «Галіяф» быў вывезены ў СССР і пачаў функцыянаваць у 1952 г. Такім чынам, у прынцыпе Расея можа адмовіцца і ад эксплуатацыі 43-га вузла сувязі. Тым больш, што ў выпадку выхаду з ладу перадатчыкаў «Антэй» і «Галіяф», для сувязі Галоўнага штаба ВМФ Расеі з караблямі і падводнымі лодкамі створаны на базе стратэгічнага бамбавіка Т-95, самалёты-рэтранслятары Ту-142МР «Арол» (па класіфікацыі НАТА Bear-J).
Такім чынам, ні адзін з расейскіх ваенных аб’ектаў у Беларусі наўпроставай небяспекі для нашай краіны не ўяўляе: яны маюць малалікі ваенны персанал без цяжкага ўзбраення. Акрамя таго, самі гэтыя аб’екты не маюць крытычнага значэння для бяспекі Расеі і яна ад іх можа досыць лёгка адмовіцца. Адзіная праблема, звязаная з расейскімі ваеннымі аб’ектамі, гэта тое, што ў выпадку гіпатэтычнага канфлікту з НАТА, яны стануць законнымі цэлямі для знішчэння.