«Калі восень, дык канешне бардаўская»
З такім стаўленнем лістападаўскую пару вітаюць на Беласточчыне. 24-ы фестываль «Бардаўская восень» з 2 лістапада пачнецца выступамі беларускіх выканаўцаў. У гэты дзень у 18:00 у Гміннай бібліятэцы ў Орлі выступіць Алесь Камоцкі, у Нарве – Яўген Барышнікаў ды ў Нараўцы – Сяргей Доўгушаў. Затым у пятніцу, 3 лістапада, пачнуцца галоўныя падзеі фестывалю, якія пройдуць у Бельскім доме культуры. «Пачнем з конкурснай часткі. На сцэне ўбачым выступоўцаў з Беларусі, Падляшша ды не толькі», – кажа арганізатар «Бардаўскай восені» Ігар Лукашук са Звязу «Шчыты»:
– Будзем мець гасцей з Адэсы. Таксама жартуем, што беларуская мова прагучыць ад мора да мора. Пасля конкурснай часткі – канцэрты зорак: выступіць «Босае сонца», Яўген Барышнікаў, Ilo & Friends, Зміцер Вайцюшкевіч, WZ-Orkiestra, дуэт Percepcja з Бельска Падляшскага, які ў мінулым годзе атрымаў адну з узнагародаў. Пачуем Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага. Прыемна нам будзе пачуць таксама Алеся Камоцкага, якога даўно не мелі магчымасці пачуць у Бельску, а таксама пасля выступіць гурт NAVI.
Таксама ў фестывальную нядзелю, 5-га лістапада, у беластоцкім клубе «Fama» выступяць лаўрэаты конкурснай часткі ды зоркі: гурт «NAVI» і праект Аляксандра Ясінскага ды Андруся Такінданга «Hostel». Больш інфармацыі пра «Бардаўскую восень» можна знайсці на сайце sonca.org. Фестываль фінансуецца Міністэрствам ўнутраных спраў Польшчы, горадам Беластокам ды Маршалкоўскай управай Падляшскага ваяводства.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя