Аляксандр Вайцешык пакараны штрафам



Праваабаронца з Баранавіч Аляксандр Вайцешык пакараны штрафам 40 базавых велічынь за абразу і непадпарадкаванне канвойнаму сяржанту  Тарасу Караткевічу ў зале суда падчас перапынку.

Па другім непадпарадкаванні міліцыі на вакзале, калі дэпартавалі філосафа Пятра Рабава, з-за малазначнасці фактаў справа спынена, кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяргей Гоўша:

– Падчас апошняга слова  Аляксандр Вайцешык усё расклаў па палічках. Выснова – ён не вінаваты і трэба яго справу спыніць з-за адсутнасці правапарушэння.  Адвакат Вайцешыка таксама дадаў, што міліцыя ва ўсіх выпадках сама парушыла закон. Суддзя тут жа бярэ паперу і адразу зачытвае пастанову суда!

Нагадаем, што ўсе непадпарадкаванні міліцыянтам былі звязаны з судовай справай філосафа Пятра Рабава. Падчас судовага перапынку канвойнаму сяржанту  Тарасу Караткевічу не спадабалася ціхая размова Вайцешыка з прысутным у судзе мінаком. На патрабаванне Караткевіча пакінуць залу, Вайцешык параіў таму займацца непасрэднымі сваімі справамі. Малады міліцыянт палічыў гэта за абразу і непадпарадкаванне. За здымак Рабава на вакзале Вайцешык быў груба затрыманы. Яму  прыйшлося ноч правесці ў міліцэйскай клетцы. Выратавала ад пакарання камера відэаназірання, якая засведчыла хлусню з боку міліцыянтаў, кажа Сяргей Гоўша.

Беларускае Радыё Рацыя