Жыхар Рагачоўскага раёна кінуў у міліцэйскі пост кактэйль Молатава
Крымінальная справа па ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі (хуліганства, учыненае з прымяненнем зброі і выбуховых рэчываў) пачатая ў дачыненні да жыхара Рагачоўскага раёна. 26 кастрычніка каля апоўначы невядомы на той момант мужчына напаў на міліцэйскі пост — кінуў кактэйль Молатава і стрэліў з вінтоўкі Мосіна.
Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, пост быў каля вёскі Стоўпня ў сувязі з прафілактычнымі мерапрыемствамі. Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка УУС, ноччу два міліцыянеры, якія дзяжурылі, пачулі воплеск. „Невядомы кінуў запальную сумесь у пост. Але бутэлька не даляцела, і агонь палыхнуў побач з постам. Затым раздаліся стрэлы. У зарыве міліцыянеры ўбачылі чалавека, які кінуўся ўцякаць. Было вырашана выклікаць падмацаванне, аддзел быў узняты па трывозе, быў уведзены ў дзеянне план па затрыманні ўзброенага зламысніка”, — расказаў прадстаўнік УУС.
Пры пошуках невядомага ў міліцыю паступіла паведамленне ад пенсіянера, жыхара Стоўпні, пра тое, што яго спрабаваў задушыць п’яны сын. Прыбыўшы на месца, міліцыя затрымала 30-гадовага вяскоўца.
Як выявілася, гэта ён і абстраляў міліцыянераў. Вінтоўку малады чалавек знайшоў у лесе, бо захапляецца збіральніцтвам боепрыпасаў і зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны.