1 лістапада будуць судзіць Уладзіміра Някляева
Палітыка і паэта Уладзіміра Някляева 1 лістапада будуць судзіць у Ленінскім раёне Менска, паведаміў ён на сваёй старонцы ў „Фэйсбук”.
Падставай для разгляду адміністрацыйнай справы сталі, як адзначана ў пратаколе, заклікі да правядзення масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку яго арганізацыі і правядзення. Акцыя „Марш абураных беларусаў 2.0” супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўлад адбылася 21 кастрычніка ў Менску.
У якасці доказу праваахоўнікаў прыводзяцца вытрымкі з інтэрв’ю тэлеканалу „Белсат”. На пытанне аб тым, чаму беларусы ўсё-такі павінны пайсці на гэтую акцыю, Някляеў сказаў: „Дэкрэт №3, супраць якога актыўна пратэставалі на працягу больш за год не толькі прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, але і ўсе беларусы, па сутнасці не адменены. Лукашэнка спачатку пагадзіўся з тым, што ён няправільны, што трэба нават вярнуць грошы тым людзям, якія ў іх былі канфіскаваныя, і некаторым людзям вярнулі. Я быў на адной сустрэчы, і там казалі: „Чаго мы пойдзем на гэтую пратэставую акцыю, калі нам вярнулі грошы?” Але па сутнасці ён, я маю на ўвазе дэкрэт, не адменены, і там нават зроблены не лепшыя для простага чалавека, а больш жорсткія ўдакладненні. Практычна па гэтаму дэкрэту ўсіх, хто па нейкай прычыне часова або пастаянна не мае працы, можна заявіць як дармаедамі і займацца паборамі з іх. Так што калі ёсць воля абараняць свае правы, то трэба ісці і іх абараняць”.
Някляеў таксама паведамляе, што сам у акцыі не ўдзельнічаў, бо не знаходзіўся ў Мінску. „І я не пытаюся пра тое, што я мог парушыць там, дзе не быў? Але дзе тут „ажыццяўленне заклікаў”? Нічога тут няма, акрамя „ажыццяўлення жэстачайшай лібералізацыі”, — напісаў ён.