Маргелаў: Сітуацыя з назапашваннем дзярждоўгу „надзвычай цяжкая”



Беларуская эканоміка не атрымала чаканых дывідэндаў ад назапашанага знешняга дзяржаўнага доўгу. Такое меркаванне выказаў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва (РКП) Віктар Маргелаў на круглым стале ў Менску 31 кастрычніка.

„Дзесьці з 2007 года мы назапасілі велізарны дзяржаўны доўг. На абслугоўванне доўгу ў гэтым годзе краінай будзе выдаткавана больш, чым у нас будзе выдаткавана з бюджэту на адукацыю, ахову здароўя і абарону разам узятыя. Вось гэтая сітуацыя надзвычай цяжкая, і калі пачынаюць некаторыя казаць пра тое, што ў іншых краінах яшчэ большы ёсць доўг, яны не разумеюць, што структура эканомікі там іншая і, магчыма, у тых краінах больш эфектыўна гэтым доўгам скарысталіся”, — адзначыў Маргелаў.

Паводле яго слоў, „у суседняй Польшчы доўг вышэйшы, у тым ліку на аднаго чалавека”. „Але там паспелі за гэтыя грошы пабудаваць магутную сучасную вытворчую базу, ад якой атрымліваюць сёння сур’ёзныя дывідэнды. Мы задавалі пытанне Сямашку, куды дзеліся ў нас грошы. Адказ быў: гэтыя грошы пушчаныя на падтрыманне прамысловасці, калі б не было ўліванняў, то, у прынцыпе, нашай прамысловасці ўжо б не было. Таму мы маем тое, што маем, і такія стартавыя ўмовы надзвычайным чынам гнятуць — ёсць вялікі дзяржаўны бюджэт, які цяжка скараціць з-за вонкавых даўгоў, і ў той жа час стаяць вялізныя задачы па мадэрнізацыі эканомікі”, — падкрэсліў эксперт.

Як паведамлялася, знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 кастрычніка склаў 16,3 млрд долараў ЗША. З пачатку года ён павялічыўся на 2,7 млрд долараў, або на 19%. Цяперашні памер знешняга дзярждоўгу з’яўляецца гістарычным максімумам для Беларусі.

Унутраны дзярждоўг на 1 кастрычніка склаў 9,4 млрд рублёў, зменшыўшыся з пачатку года на 0,8 млрд рублёў, або на 8%.

У цэлым дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 кастрычніка склаў 41,4 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2017 года на 4,4 млрд рублёў, або на 12%.

Як адзначаюць эксперты, Беларусь даўно трапіла ў даўгавую пятлю — сітуацыю, калі новыя пазыкі накіроўваюцца на абслугоўванне і пагашэнне старых. Таму нягледзячы на значныя штогадовыя выплаты, знешні дзярждоўг Беларусі не скарачаецца, а толькі расце. Сукупныя штогадовыя плацяжы па валютнаму дзярждоўгу ўжо некалькі гадоў перавышаюць 3 млрд долараў.

Дзярждоўг Беларусі (у адносінах да ВУП) набліжаецца да парога эканамічнай бяспекі. На 1 кастрычніка ён склаў 30,9% да ВУП пры парогавым значэнні 45%. У 2018 годз Беларусі трэба будзе накіраваць на выплаты па дзярждоўгу 3,7 млрд долараў (супраць 3,4 млрд у 2017-м).

belapan.com