Актывісты і родныя наведалі магілу Яўгена Куліка



31 кастрычніка споўнілася б 80 год вядомаму беларускаму мастаку, аднаму з лідараў адраджэнцкага руху найноўшага часу Яўгену Сяргеевічу Куліку.

Каля магілы на Кальварыі сабраліся сябры суполкі мастакоў „Пагоня” і Руху Салідарнасці „Разам”, родныя мастака.

Аляксей Марачкін распавёў пра свайго сябра і аднадумца, які ўсё сваё жыццё аддаў справе беларушчыны і які застанецца ў памяці не толькі як стваральнік эталону дзяржаўнага сцяга і герба 1991 года, але і як адзін з будзіцеляў беларускай нацыі.

Тамара Кулік, родная сястра Яўгена Сяргеевіча, сябры Сойма Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык, Мечыслаў Бурак, Ніна Багінская казалі пра чалавечыя якасці Яўгена Куліка, пра яго ўплыў на актывістаў адраджэнцкага руху.

Сустаршыня Руху Салідарнасці „Разам” Алена Талстая выказала ўпэўненасць, што прыйдзе час, калі бела-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня” зноўку стануць дзяржаўнымі: „Гэтая нашая агульная мара, гэта было марай і Яўгена Куліка. І яна спраўдзіцца!”

На заканчэнні прагучала малітва і гімн беларусаў „Магутны Божа!”

[Not a valid template]

Прэс-група Руха Салідарнасці „Разам”