Някляева асудзілі на 10 сутак арышту за заклікі, якіх ён не рабіў (абноўлена)



Уладзімір Някляеў пакараны 10 суткамі арышту. Такі вырак вынес суд, абвінаваціўшы палітыка ў публічным закліку да ўдзелу ў несанкцыянаваным «Маршы абураных беларусаў 2.0». Сам Някляеў пры гэтым у маршы ўдзелу не браў.

Такога досыць жорсткага прысуду па гэтай цалкам сфальсіфікаванай справе варта было чакаць, кажа Уладзімір Някляеў.

Я ведаю, што была верхняя пастанова, дзеля гэтага і сфабрыкаваная справа. У ёй выяўлена нахабства, непрафесійнасць дзеянняў праваахоўных органаў, у абвінавачванні няма ніякага абвінавачвання. Тым не менш, яны тут гадзіну сядзелі, рабілі выгляд, што нешта тут вырашаюць, а насамрэч усё было вырашана загадзя. І толькі дзеля таго, каб пасадзіць мяне на гэтыя 10 сутак, разам са Статкевічам. Дзеля гэтага ўсё і зроблена.

Са слоў Уладзіміра Някляева, гэта спроба задушыць да самага шчэнту любы супраціў супраць таго, што творыць улада на нашай зямлі, і ўсіх, хто стаіць за свабодную і дэмакратычную Беларусь, яна будзе ціснуць і знішчаць.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У 10 гадзін 1 лістапада суд Ленінскага раёна Менска пачаў разгляд адміністрацыйнай справы супраць паэта Уладзіміра Някляева. Яго вінавацілі па арт. 23.34 КаАП, спасылаючыся на артыкул на сайце “Хартыі”, дзе ён нібыта заклікаў да ўдзелу ў акцыі “Маршы абураных беларусаў 2.0”.

У пратаколе, які разглядала суддзя Святлана Метлянок, няма канкрэтыкі аб здзейсненным правапарушэнні. Тым больш, што Уладзімір Някляеў не даваў інтэрв’ю непасрэдна “Хартыі”. Ён прасіў суд далучыць да справы яго інтэрв’ю, якое ён непасрэдна даваў “Белсату”, і вызваць у якасці сведкі першага намесніка старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча. Суд хадайніцтвы задаволіў.

Сведка патлумачыў, што сакратарыят Саюзу праводзіў аналіз выказвання Уладзіміра Някляева і прыйшоў да высновы, што публікацыя на “Хартыі” не з’яўляецца першакрыніцай, а проста ўтрымлівае цытату і журналісцкую апрацоўку, якая не супадае з выказваннем для «Белсата». Акрамя таго, само выказванне не ўтрымлівае закліку да ўдзелу ў акцыі, а маецца ў ім толькі сінтаксічная канструкцыя ўмоўнага парадку. Таму СБП прасіў суд аб скасаванні гэтага абвінавачвання.

Менгарвыканкам у сваім адказе на пісьмовы запыт з суда пацвердзіў, што Уладзімір Някляеў нават не быў заяўнікам на правядзенне акцыі, а толькі Мікалай Статкевіч. Удзелу ў акцыі паэт таксама не прымаў.

Да справы таксама быў далучаны ліст ад БАЖа, які правёў параўнальны аналіз артыкулаў на „Хартыі” і „Белсаце”. У судзе праглядзелі тэлесюжэт „Белсата” з інтэрв’ю паэта.

У сваю чаргу Беларускі ПЭН-цэнтр выступіў з заявай у абарону Уладзіміра Някляева, у якой адзначыў, што калі суд будзе мець сваім вынікам якое-небудзь пакаранне для паэта, літаратурнае аб’яднанне праінфармуе пра гэты факт Міжнародны ПЭН-клуб з тым, каб яго экспэрты выказалі свае адносіны да выканання Беларуссю прынятых на сябе абавязальніцтваў у галіне свабоды выказванняў.

Аднак, усе гэтыя довады не паўплывалі на разуменне суддзёй сутнасці справы: Святлана Метлянок пакарала Уладзіміра Някляева дзесяццю суткамі адміністрацыйнага арышту. 

Паводле spring96.org