Тыдзень ВПК
Мінулы тыдзень стаў беспрэцэдэнтным па шчыльнасці кантактаў Беларусі ў галіне ВПК і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. За кожным з якіх — шматмесячная падрыхтоўчая праца.
17-20 кастрычніка ў Ханоі (В’етнам) адбылося пасяджэнне Змешанай Беларуска-В’етнамскай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. У ходзе пасяджэння Камісіі абмеркаваныя бягучыя праекты і перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння. Аб узроўні двухбаковага супрацоўніцтва сведчыць той факт, што сустаршынямі камісіі выступаюць першы намеснік Старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі Ігар Дземідзенка і намеснік Міністра нацыянальнай абароны Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам генерал-палкоўнік Бе Суан Чыонг. В’етнам — адзін з найбуйнейшых кліентаў беларускага ВПК. Раней Ханой ужо закупляў беларускія РЛС «Усход», а менская кампанія «Тэтраэдэр» актыўна працуе над мадэрнізацыяй зенітна-ракетных комплексаў С-125 в’етнамскай СПА. Акрамя таго, Беларусь перадае ў В’етнам тэхналогіі для вытворчасці БПЛА далёкага радыуса дзеянняў.
23-26 кастрычніка ў Менску прайшло пасяджэнне Сумеснага Беларуска-Турэцкага камітэта па рэалізацыі Пагаднення паміж урадамі Беларусі і Турэцкай Рэспублікі па супрацоўніцтве ў галіне абароннай прамысловасці. Бакі абмеркавалі рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей, турэцкая дэлегацыя наведала шэраг арганізацый ВПК Беларусі. Мерапрыемства таксама відавочна не шараговае: у пасяджэнні ўзяў удзел намеснік Міністра нацыянальнай абароны Турэччыны Шуай Алпай. Які таксама сустрэўся з кіраўніцтвам Дзяржкамваенпрама і Мінабароны Беларусі для абмеркавання вынікаў і перспектыў сумесных праектаў у галіне ВПК. Цікава адзначыць, што пакуль аб напрамках супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы бяспекі нічога не вядома. Няясна, ці ёсць нават нейкія канкрэтныя дамоўленасці. Аднак па ўзроўні афіцыйных сустрэч можна цвёрда сцвярджаць, што ўзаемная цікавасць ёсць. І вялікая.
24-26 кастрычніка адбыўся візіт у Беларусь камандуючага Сіламі паветранай абароны Ўзброеных сіл Кыргызстана палкоўніка Кылычбека Айдараліева. Абмяркоўваліся перспектывы развіцця ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж войскамі дзвюх краін. Таксама кыргызская дэлегацыя азнаёмілася з магчымасцямі ВПК Беларусі па вытворчасці, рамонту і мадэрнізацыі ўзбраення і тэхнікі ВПС і войскаў СПА. Што само па сабе незвычайна: Кыргызстан мае вельмі абмежаваныя фінансавыя рэсурсы для падтрымання сваіх ВПС і СПА і па сутнасці цалкам залежыць ад расейскай падтрымкі. Прынамсі, на бягучы момант.
Беларусь паслядоўна пашырае кола партнёраў у ваенна-тэхнічнай сферы, фарміруючы тым самым самастойны ад расейскага нацыянальны ВПК і сістэму міждзяржаўнай ваенна-палітычнай камунікацыі. Пры гэтым найбольш інтэнсіўна развіваюцца адносіны з краінамі Азіі і арабскага Ўсходу, для якіх пытанні дэмакратыі і правоў чалавека не з’яўляюцца адчувальнымі. Плённае супрацоўніцтва з па-за рэгіянальнымі дзяржавамі ў пытаннях бяспекі ўмацоўвае ўстойлівасць Беларусі. Пры гэтым беларускі бок дэманструе гатоўнасць супрацоўнічаць не толькі з буйнымі і багатымі дзяржавамі, але і з краінамі з абмежаванымі рэсурсамі. З улікам імкнення Расеі да аўтаркіі ўласнага ВПК, у Менска няма іншых варыянтаў, акрамя як пашыраць геаграфію і інтэнсіўнасць узаемадзеяння ў ваенна-тэхнічнай сферы з любым патэнцыйным партнёрам, буйным і не вельмі.