Рада БНР: Палітычныя рэпрэсіі – факт жыцця сучаснай Беларусі



Цяперашняя „нібыта палітычная адліга ў Беларусі застаецца збольшага ілюзіяй, якую актыўна стварае рэжым Лукашэнкі з дапамогай падкантрольнай яму прапаганды і лабісцкіх высілкаў на Захадзе”, гаворыцца ў заяве Рады БНР з нагоды дня памяці памерлых Дзяды, які адзначаюць 2 лістапада. Заява апублікаваная на сайце арганізацыі.

Аўтары заявы заўважаюць, што Дзяды „ад канца 1980-х гадоў сталі не толькі народным днём ушанавання продкаў, але і днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў”. „Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае ўсіх беларусаў шанаваць памяць соцень тысячў нашых землякоў, якія сталіся ахвярамі палітычных рэпрэсій і сацыяльных эксперыментаў таталітарнага акупацыйнага савецкага рэжыму, што панаваў на Беларусі большую частку XX стагоддзя”.

На іх думку, „пасля аднаўлення незалежнасці савецкі рэпрэсіўны апарат так і не быў знішчаны, ён быў неўзабаве выкарыстаны аўтарытарным рэжымам прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які ўсталяваўся ў 1995—1996 гадах у выніку дзяржаўнага перавароту”.

„Палітычныя рэпрэсіі застаюцца фактам жыцця сучаснай Беларусі. За час кіравання А.Лукашэнкі ў Беларусі мелі месца масавыя факты палітычных рэпрэсіяў: выкраданні і, відавочна, забойствы лідараў апазіцыі, увязненні лідараў і актывістаў апазіцыі, супрацьзаконны прызыў у войска, збіцці і катаванні апазіцыйных актывістаў у турмах, звальненні з працы, выключэнні з універсітэтаў па палітычных матывах, апраўданне і ўхваленне палітычных рэпрэсіяў ў агульнанацыянальных прапагандысцкіх СМІ”, — лічаць у Радзе БНР.

Аўтары заявы адзначаюць, што за кратамі ў Беларусі застаюцца прынамсі два палітычныя вязні — Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны. „Улада гвалтоўна падаўляе мірныя акцыі пратэсту і ладзіць пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. СМІ краіны падлягаюць цэнзуры, у інфармацыйнай прасторы Беларусі дамінуе дзяржаўная прапаганда. Адсутнасць прагрэсу ў справе дэмакратызацыі адзначаюць міжнародныя арганізацыі, у тым ліку спецыяльны дакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці”, — гаворыцца ў заяве.

У сувязі з гэтым Рада БНР заяўляе, што задачай „будучай дэмакратычнай улады Беларусі” з`яўляецца: рассакрэчванне інфармацыі аб савецкіх рэпрэсіях, мемарыялізацыя ахвяраў гэтых злачынстваў, расфармаванне або рашучая рэарганізацыя органаў дзяржаўнай бяспекі, расследаванне сувязяў КДБ з расейскай ФСБ, а таксама прыняцце заканадаўчых актаў, „якія давалі б належную юрыдычную ацэнку савецкім рэпрэсіям і прадухілялі б паўтарэнне любых палітычных рэпрэсіяў у Беларусі”.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі называе сябе беларускім урадам у выгнанні, „найвышэйшай установай і адзіным праўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народа‚ выяўленых у праватворчым Акце 25 сакавіка 1918 года‚ зафіксаваным Трэцяй устаўной граматай БНР”. Рада БНР працуе ў краінах, дзе ёсць яе прадстаўнікі: у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і іншых.

belapan.com