“Дзеяслоў” святкуе падвойны юбілей



Аўтарытэтнаму літаратурнаму часопісу споўнілася 15 год. Прэзентаваны 90-ты нумар выдання. Галоўны рэдактар “Дзеяслова”, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч згадвае, у якіх умовах ствараўся часопіс: 

– Гэта быў 2002 год. Стала вядома, што дзяржава задумала так званую рэарганізацыю беларускіх літаратурных часопісаў. Вырашыла іх прыватызаваць, забраць у Саюза беларускіх пісьменнікаў і ўтварыць т.зв. холдынг. І тады ж адразу з’вілася некалькі груп пісьменнікаў, якія вырашылі стварыць на месцы забраных свае часопісы. На жаль, атрымалася так, што на месцы забраных утварыўся толькі адзін часопіс “Дзеяслоў”.

Часопіс не адразу атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю, а з праблемамі ў распаўсюдзе сутыкаецца дагэтуль.

– Спачатку была магчымасць прадаваць часопіс праз „Саюздрук” і па беларускіх кнігарнях. Але потым пасля выхаду некаторых твораў Васіля Быкава, канкрэтна “Афганца”,  апавядання  „Бутэльчына, альбо Прэзідэнт на дрэве” ветэраны напісалі скаргу ў „Саюздрук”, у „Белкнігу” і адтуль нашыя часопісы папрасілі забраць.

Цяпер часопіс “Дзеяслоў” можна атрымаць па падпісцы, у прыватных кнігарнях і незалежных распаўсюднікаў. Акрамя таго, поўныя нумары ў электронным выглядзе разьмяшчаюцца на сайце dziejaslou.by.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск