500-годдзе Рэфармацыі святкуюць у Еўропе



Пратэстанцкі рух распачаў новую эру ў гісторыі чалавецтва і назаўжды змяніў аблічча тагачаснай Еўропы. Пра значэнне Рэфармацыі ў сусветнай гісторыі гаворыць аспірант Тэалагічнага факультэта Універсітэту Кардынала Стэфана Вышынскага Сяргей Аношка:

– Безумоўна, сённяшні свет, асабліва калі мы кажам пра ЗША, пра скандынаўскія краіны, – гэта свет, які здамінаваны падмуркам пратэстантызму. Між іншым, сённяшняя палітпапраўнасць, якая прысутнічае ў Заходняй Еўропе, таксама адтуль вядзецца.

Да пратэстанцкіх канфесій у сучаснай Беларусі належыць толькі 2% сярод хрысціянскіх вернікаў, аднак, Рэфармацыя мае глыбокія карані ў Беларусі, працягвае тэолаг Сяргей Аношка:

– Праваслаўе, якое прыйшло ўжо да нас з Масквы, гэта было зусім іншае праваслаўе. Тады мы бачым саюз трона і алтара ў Маскоўскай дзяржаве. Шляхецкія вольнасці, Магдэбургскае права, еўрапейскасць… Мы былі абсалютна іншай цывілізацыяй. Таму пратэстантызм – гэта былі каштоўнасці з Захаду, але на мясцовым грунце.

Нягледзячы на тое, што пратэстантызм стаў ідэалагічнай асновай сучаснай заходняй цывілізацыі, тэзісы Марціна Лютэра страцілі былое значэнне.

Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава