Жыхара Кобрыні судзяць за ўдзел у менскай акцыі (абноўлена)



Суд над жыхаром горада Кобрына Сяргеем Фалейчыкам адкладзены на 9 лістапада. Такое рашэнне прыняў суддзя Кобрынскага суда Пятро Цімашэнка. Якому пратакол з міліцыі паступіў толькі сёння.

Кажа грамадскі актывіст Аляксандр Мех, які быў у судзе, каб падтрымаць Фалейчыка:

Далей ідзе ціск на грамадскіх актывістаў і на тых грамадзян, якія выказваюць сваю грамадскую пазіцыю. Сяржук быў у Менску, бы на тым мітынгу, дзе яны патрабавалі эканамічных змен. І вось пачаўся пераслед. Прычым Сяржук жа не нейкі палітычны дзеяч, ён просты працаўнік завода.

Паводле Аляксандра Меха, Фалейчык быў на мірным мітынгу 21 кастрычніка ў Менску. Ён не выступаў, не трымаў бел-чырвона-белага сцяга, “не выражаўся” проста трапіў у аб’ектыў журналістаў. А паехаў, бо лічыць, што так далей жыць нельга. Улада замест таго, каб прыслухацца да людзей і прыняць рэальныя крокі для паляпшэння сітуацыі, здольна толькі на рэпрэсіі. Такім чынам рэжым множыць сваіх супраціўнікаў.

***

На жыхара Кобрыні Сяргея Фалейчыка складзены адміністрацыйны пратакол за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка ў Менску. Суд пачаўся 2 лістапада а 10 гадзіне. Для складання пратакола яго тэрмінова расшуквалі 1 лістапада праз яго каханую жанчыну. Пратакол складалі на вуліцы пасля працы Фалейчыка пры свеце ліхтарыка. Мужчына абураны і пратаколам, і маючым адбыцца судом. Паколькі не лічыць сябе вінаватым, пра што і пазначыў у пратаколе, кажа Сяргей Фалейчык:

Я не адмаўляю, што знаходзіўся і гэта маё права — выказваць тое, што я думаю, як я лічу для сябе правільным. Ніякіх супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да іншых асоб не я не ажыццяўляў. Усё прайшло мірна, а тут мне кажуць, што гэта несанкцыянавана. А я адказваю, што не згодзен з гэтым. Мы павінны жыць у свабоднай краіне, дзе паважаюць меркаванне кожнага чалавека.

Сяргей Фалейчык ніколі раней не ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Але лічыць, што так далей ні ў эканамічным, ні ў палітычным плане жыць нельга. Калі цэны растуць кожны дзень, заробкі змяншаюцца, а за выказанае публічна слова ў грамадскім месцы цягнуць у суд.

Беларускае Радыё Рацыя